cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Святы Айцец: Эўхарыстыя – дасканалая малітва

Святы Айцец: Эўхарыстыя – дасканалая малітва - REUTERS

15/11/2017 11:19

Эўхарыстыя – гэта дасканалая малітва, адзначыў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 15 лістапада 2017 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён працягнуў разважанні пра св. Імшу, падкрэсліўшы, што ўдзел у яе цэлебрацыі з’яўляецца самым дасканалым, узнёслым і, у той жа час, дакладным спосабам малітвы. Эўхарыстыя – гэта сустрэча з любоўю Бога праз Яго слова, праз Цела і Кроў Езуса.

Па словах Францішка, вялікай ласкай з’яўляецца разуменне таго, што св. Імша – гэта прывілеяваны момант прабывання ў прысутнасці Езуса, і праз Яго, у прысутнасці Бога і братоў. Яна з’яўляецца малітвай да Пана, а гэта значыць дыялогам, які патрабуе ў тым ліку і маўчання. 

“Калі мы ідзём на св. Імшу, магчыма, прыходзім на пяць хвілін раней і пачынаем гутарыць з тымі, хто побач з намі. Але гэта момант не для гутарак: гэта час для таго, каб у цішыні падрыхтавацца да дыялогу. Гэта момант для суцішэння ў сэрцы і падрыхтоўкі да сустрэчы з Езусам. Маўчанне вельмі важнае. Памятаеце, на мінулым тыдні я казаў, што мы не прыходзім на шоў. Мы прыходзім на сустрэчу з Панам і маўчанне нас падрыхтоўвае і суправаджае. Прабыванне ў маўчанні разам з Езусам – неабходнае”, - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што Збаўца часта маліўся ў адасобленых месцах, і вучні, калі бачылі Яго блізкія адносіны з Айцом, прасілі, каб Ён таксама і іх навучыў малітве (Лк 11,1). Хрыстус казаў апосталам звяртацца да Бога “Ойча”: маліцца з прастатой і сыноўскім даверам. 

“Гэта першае патрабаванне: быць пакорнымі, лічыць сябе дзецьмі, адпачываць у Пану, давяраць Яму. Каб увайсці ў Божае Валадарства, трэба стаць малымі, як дзеці. Маецца на ўвазе, што дзеці здольныя давяраць, ведаюць, што нехта клапоціцца пра іх, пра тое, што яны будуць есці, у што будуць апранацца, і гэтак далей. Вось першае патрабаванне: давер і блізкія адносіны, як у дзіцяці з бацькамі; ведаць, што Бог памятае і клапоціцца пра цябе”, - сказаў Папа. 

Здольнасць здзіўляцца, гэта другая неабходная рэч, уласцівая дзецям. Францішак нагадаў евангельскае апавяданне пра ізраільскага старэйшыну Нікадэма, якому Езус казаў пра неабходнасць “нарадзіцца нанова” (Ян 3,1-21).

“Але што гэта значыць? Ці можна “нарадзіцца нанова”? Ці магчыма зноў адчуваць смак, радасць, захапленне жыццём, нават перад абліччам шматлікіх трагедый? Гэта фундаментальнае пытанне для нашай веры і гэта жаданне кожнага сапраўднага верніка: жаданне нарадзіцца зноў, радасць пачатку з чыстага ліста. Ці маем мы гэта жаданне? Ці хочам пастаянна нараджацца нанова для сустрэчы з Панам? Ці маеце вы гэта жаданне? Насамрэч яго можна з лёгкасцю згубіць па прычыне празмернай актыўнасці, вялікай колькасці праектаў, якія трэба ажыцявіць. У выніку ў нас застаецца мала часу і мы губляем з вачэй тое, што з’яўляецца фундаментальным: наша ўнутранае, духоўнае жыццё, наша жыццё, якое з’яўляецца сустрэчай з Панам у малітве”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што Эўхарыстыя, гэта вячэра, на якой Езус сустракаецца з нашай слабасцю, “каб прывесці нас да нашага першага паклікання – быць вобразам і падабенствам Бога”. 


15/11/2017 11:19