2017-11-16 13:35:00

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў кліматычнага саміта ў Боне


Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 23-й Канферэнцыі ААН па зменах клімату (COP23), якая праходзіць 6-17 лістапада 2017 г. у нямецкім Боне. Удзельнікі форума абмяркоўваюць канкрэтны план рэалізацыі падпісанага ў 2015 г. у Парыжы пагаднення па клімаце, якое павінна стрымаць глабальнае пацяпленне. Дакумент падпісалі 195 краін.

Па словах Папы, пагадненне ўказвае “ясны шлях пераходу да мадэлі эканамічнага развіцця з нізкім ці нулявым выкарыстаннем вугля, заклікаючы да  салідарнасці і звяртаючы ўвагу на моцныя сувязі, якія існуюць паміж барацьбой з кліматычнымі зменамі і беднасцю”. 

Ён адзначыў, што ад удзельнікаў бонскага форума чакаецца вызначэнне “кіруючых прынцыпаў, правіл і інстытуцыянальных механізмаў”, каб дасягнуць “складаных мэтаў”, якія былі пастаўлены два гады таму ў Парыжы. Для гэтага неабходна пазбягаць “чатырох памылковых пазіцый” у барацьбе з “выклікаючым найбольшае хваляванне” для чалавецтва феноменам, якім з’яўляецца глабальнае пацяпленне. Гэтымі “памылковымі пазіцыямі”, на думку Пантыфіка, з’яўляецца “адмаўленне” праблем навакольнага асяроддзя, “абыякавасць” да іх, “роспач” перад іх абліччам і, нарэшце, “сляпая вера ў тэхнічныя сродкі”. 

“Нельга абмяжоўвацца толькі эканамічным ці тэхналагічным вымярэннем: тэхнічныя рашэнні неабходныя, але іх недастаткова”, - напісаў Папа. Такім чынам, паводле яго, “важна і неабходна” з увагай разглядаць “этычны і сацыяльны падыходы новай парадыгмы развіцця і прагрэсу, у каротка-, сярэдне- і далёкачасовай перспектывах”.

Францішак заклікаў прысвячаць увагу выхаванню і прасякнутаму інтэгральнай экалогіяй стылю жыцця, што дазволіць сумленна адносіцца да навуковых даследванняў і весці адкрыты дыялог.

У 23-й Канферэнцыі ААН па зменах клімату прымае ўдзел каля 20 тыс. дэлегатаў з 190 краін свету. Яна праходзіць у адпаведнасці з Рамачнай канвенцыяй ААН аб зменах клімату. Старшынствуе на форуме астраўная дзяржава Фіджы.








All the contents on this site are copyrighted ©.