2017-11-17 12:57:00

Святы Айцец наведаў мабільны шпіталь для бедных


Вечарам 16 лістапада 2017 г. Францішак здзейсніў нечаканы візіт у невялікі мабільны шпіталь для бедных, які дзейнічае на плошчы Пія ХІІ, у непасрэднай блізкасці ад Ватыкана. Ён з’явіўся некалькі дзён таму з нагоды першага Сусветнага дня бедных, цэнтральныя ўрачыстасці ў рамках якога пройдуць 19 лістапада на плошчы св. Пятра.

Святы Айцец пад’ехаў да шпіталя на аўтамабілі. Ён адразу падышоў да групы людзей, сярод якіх былі бяздомныя і мігранты, і паразмаўляў з імі. Затым ён прывітаў медыцынскі персанал, які тут працуе. Папа падзякаваў урачам і медсёстрам за бескарыслівую дапамагу бедным. Валанцёры прапанавалі яму кубак гарбаты, каб сагрэцца ў халоднае лістападаўскае надвор’е. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльнай заяве Залы Друку Святога Пасаду.

Мабільны шпіталь на плошчы Пія ХІІ быў адкрыты 13 лістапада 2017 г. У ім  усе жадаючыя могуць бясплатна атрымаць медыцынскую дапамогу, здаць аналізы, патрапіць на прыём кардыёлага, дэрматолага, інфектолага, гінеколага і андролага. Галоўным чынам ініцыятыва арыентавана на бедных. Яе рэалізацыя стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву італьянскіх і ватыканскіх медыцынскіх устаноў.

Францішак абвясціў аб устанаўленні Сусветнага дня бедных у Апостальскім лісце “Misericordia et misera”, які быў апублікаваны на заканчэнне Надзвычайнага Юбілейнага Году Міласэрнасці. Гэты Дзень будзе адзначацца ў Касцёле кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года, якая папярэднічае ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету. 








All the contents on this site are copyrighted ©.