2017-11-17 15:59:00

Святы Айцец скіраваў да католікаў М’янмы відэапасланне


Напярэдадні запланаванага на 26-30 лістапада 2017 г. Апостальскага падарожжа ў М’янму папа Францішак скіраваў да жыхароў гэтай краіны адмысловае відэапасланне. Ролік з прывітальнымі словамі Святога Айца быў распаўсюджаны 17 лістапада 2017 г.

“Я еду, каб абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста, пасланне прымірэння, прабачэння і супакою. Мой візіт мае на мэце ўмацаванне каталіцкай супольнасці М’янмы ў веры ў Бога і сведчанні Евангелля, якое навучае павазе да кожнага чалавека і патрабуе адкрыць сэрцы іншым, асабліва бедным і патрабуючым”, - звярнуўся Пантыфік да католікаў гэтай краіны.

Святы Айцец дадаў, што хоча таксама падбадзёрыць і падтрымаць любыя намаганні па будаўніцтве гармоніі і супрацоўніцтва ў служэнні на карысць агульнага дабра. “Мы жывём у час, калі вернікі і людзі добрай волі ўсё мацней адчуваюць патрэбу ва ўзрастанні ва ўзаемным паразуменні і павазе, у падтрымцы адзін аднаго як членаў адзінай чалавечай сям’і. Бо ўсе мы з’яўляемся дзецьмі Божымі”, - дадаў Францішак.

На заканчэнне відэапаслання Папа благаславіў народ М’янмы і папрасіў аб малітве, каб дні яго прабывання ў гэтай краіне “сталі для ўсіх крыніцай надзеі і падтрымкі”.

Францішак наведае М’янму ў рамках свайго 21-га замежнага падарожжа, якое распачнецца 26 лістапада 2017 г. і завяршыцца 2 снежня 2017 г. За гэты час ён здзейсніць таксама візіт у Бангладэш.








All the contents on this site are copyrighted ©.