2017-11-17 14:56:00

Святы Пасад на будысцка-хрысціянскім калоквіуме


13-15 лістапада 2017 г. на Тайвані адбыўся VI будысцка-хрысціянскі калоквіум на тэму сумеснага супрацьстаяння любым формам жорсткасці і насілля. Форум арганізавала Папская рада па міжрэлігійным дыялогу сумесна з Кітайскай рэгіянальнай Канферэнцыяй каталіцкіх біскупаў (Тайвань) і будысцкай супольнасцю “Ling Jiou Mountain”.

Удзел у канферэнцыі прымалі прадстаўнікі 18 краін – усяго больш за 80 асоб, сярод якіх члены Федэрацыі азіацкіх Біскупскіх Канферэнцый (FABC), Сусветнай рады цэркваў (WCC) і міжнароднай каталіцкай арганізацыі “Міжрэлігійны Манаскі Дыялог”, а таксама шэраг навукоўцаў і вернікаў абедзвюх рэлігій.

Удзельнікі форуму адзначылі станоўчы ўнёсак у пашырэнне культуры міру і ненасілля, які ўдалося зрабіць дзякуючы гэтай канферэнцыі. Тэрміновая патрэба ў такога роду ініцыятывах тлумачыцца самой рэчаіснасцю, якая, згодна з пазіцыяй бакоў, “ужо пасеяла смуту ў многіх краінах, пакінуўшы людзей у роспачнай патрэбе лячэння, справядлівасці, прабачэння і прымірэння”, гаворыцца ў паведамленні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу па выніках калоквіуму.

Дакумент утрымлівае ўзгодненую праграма сумесных дзеянняў будыстаў і хрысціян па папярэджанні і прадухіленні жорсткасці і насілля ў свеце. Між іншым, бакі пастанавілі прыкладаць намаганні па “стрымліванні пагрозы нацыяналізму, сексізму, расізму, каставых падзелаў, этніцызму, а таксама рэлігійнага і свецкага фундаменталізму”, выкараненні “беднасці, несправядлівасці, няроўнасці, эксплуатацыі і дыскрымінацыі” як галоўных прычын жорсткасці і канфліктаў.

У якасці эфектыўных інструментаў пашырэння культуры сустрэчы і ўзаемапавагі былі адзначаны СМІ, сеткі адукацыйных устаноў, рэлігійныя і некамерцыйныя арганізацыі. Нарэшце, бакі падкрэслілі важнасць выхавання грамадскасці ў духу гасціннасці і “экалагічнай духоўнасці”, пашырэння малітвы і медытацыі, што спрыяла б дасягненню ўнутранай гармоніі, а таксама мірнаму суіснаванню з іншымі людзьмі і з навакольным асяроддзем.








All the contents on this site are copyrighted ©.