2017-11-17 15:21:00

Францішак: задумацца аб уласнай смерці


Задумацца аб уласнай смерці запрасіў папа Францішак 17 лістапада 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на ўрывак Евангелля св. Лукі, у якім гаворыцца пра дзень, калі прыйдзе Сын Чалавечы (6, 26–37).

Францішак заўважыў, што ўсе мы прызвычаіліся да нармальнага жыццёвага рытму, у якім чаргуюцца праца і адпачынак, і думаем, што так будзе заўсёды. Евангелле, аднак, кажа: “Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і знішчыў усіх” (Лк 6, 27). Гэта кажа аб тым, што аднойчы нас усіх да сябе пакліча Езус. Для некаторых людзей гэта пакліканне будзе нечаканым, у выпадку іншых, магчыма, прагучыць пасля доўгай хваробы. Яго не зможа пазбегнуць ніхто. Таму Касцёл, які з’яўляецца Маці, кажа: спыніся і падумай аб смерці. Францішак заўважыў, што вельмі часта пахаванні становяцца проста сустрэчамі паміж людзьмі, падчас якіх размаўляюць, а часам ядуць і п’юць, не думаючы аб смерці.

“Сёння Касцёл, сёння Пан, з усёй дабрынёй, якую мае, кажа кожнаму з нас: “Спыніся, спыніся, так будзе не заўсёды. Не прывыкні, нібыта ўжо знаходзішся ў вечнасці. Настане дзень, калі будзеш забраны, а іншыя застануцца”. Трэба крочыць з Панам, памятаць, што наша жыццё закончыцца. Гэта вельмі карысна”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў звяртацца да такіх думак, калі распачынаем новы працоўны дзень, калі ідзём да ўрача. “Думкі аб смерці – гэта не кепскія фантазіі, а рэальнасць. Кепская ці добрая, залежыць ад мяне, як пра яе думаю. Але яна прыйдзе. Тады адбудзецца сустрэча з Панам, і менавіта гэта самае цудоўнае ў смерці. Ён сам выйдзе насустрач і скажа: “Прыйдзі, благаслаўлёны майго Айца, прыйдзі да мяне”, - пракаментаваў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў дапамагаць іншым людзям у падрыхтоўцы да сустрэчы з Панам і самім памятаць пра тую хвіліну, калі Езус прыйдзе, каб забраць нас да сябе. 








All the contents on this site are copyrighted ©.