2017-11-18 13:41:00

Папа заклікаў да спагадлівай медыцыны


Эфектыўная медыцынская ўстанова, здольная супрацьстаяць няроўнасці, не можа забывацца на сваю першасную крыніцу – спагаду: дзякуючы ёй, медыкі могуць пазбавіць хворага “болю адзіноцтва і смутку”, напісаў Папа 18 лістапада 2017 г. у пасланні да ўдзельнікаў XXXII Міжнароднай канферэнцыі па праблеме глабальнай няроўнасці ў сферы аховы здароўя. Форум, ініцыяваны Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, праходзіў 16-18 лістапада 2017 г. у Ватыкане.

Папа падтрымаў праект, які стаў вынікам працы канферэнцыі, а менавіта стварэнне працоўнай платформы для абмену і супрацоўніцтва паміж каталіцкімі медыцынскімі ўстановамі, якія працуюць у розных геаграфічных і сацыяльных умовах.

Францішак нагадаў, што рэалізацыя права на ахову здароўя залежыць не толькі ад канкрэтных медыцынскіх паслуг, але і ад шэрагу складаных эканамічных, сацыяльных, культурных і палітычных фактараў. На думку Святога Айца, дабрачынныя праекты павінны разглядацца ў якасці часовых адказаў. Няроўнасць – вось корань сацыяльных бед, таму галоўнай мэтай павінна заставацца барацьба з беднасцю, што ўтрымлівае адмаўленне ад абсалютнай аўтаноміі рынкаў і ад фінансавых спекуляцый.

Другім важным заклікам Пантыфіка стала запрашэнне медыцынскіх работнікаў да наследавання Езуса, увасобленага ў вядомай Евангельскай прыпавесці аб Добрым Самараніне. Спагадлівае стаўленне да бліжняга – шлях да ўсведамлення яго годнасці. А чалавечая годнасць – фундамент справядлівасці. Разуменне бясцэннай каштоўнасці кожнага чалавека – гэтая тая моц, якая штурхае да пераадолення няроўнасці, запэўніў Папа.

Нарэшце, Францішак звярнуўся да прадстаўнікоў фармацэўтычных арганізацый, нагадаўшы, што “медыцынскія стратэгіі, накіраваныя на дасягненне справядлівасці і агульнага дабра, павінны быць эканамічна і этычна дапушчальнымі”. Яны павінны забяспечваць адпаведную колькасць і даступнасць асноўных лекаў, іх якасць і адэкватны кошт.

У буйным ватыканскім медыцынскім форуме прымалі ўдзел вядучыя спецыялісты ў сферы аховы здароўя з Еўропы, Амерыкі, Аўстраліі і Азіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.