2017-11-18 12:45:00

Святы Айцец прызначыў генеральнага рэлятара Сінода Біскупаў


Папа прызначыў генеральнага рэлятара і двух спецыяльных сакратароў будучага Сінода Біскупаў. Аб гэтым гаворыцца ў заяве пасля пасяджэння Рады Генаральнага сакратарыяту Сінода, якая збіралася ў Ватыкане 16-17 лістапада 2017 г. 

Францішак вырашыў, што генеральным рэлятарам асамблеі, прысвечанай моладзі, будзе кардынал Сержыу да Роша, арцыбіскуп Бразіліа і старшыня бразільскага епіскапату. Спецыяльнымі сакратарамі стануць: італьянскі езуіт, кс. Джакама Коста, і італьянскі салезіянін, кс. Расана Сала.

У паведамленні адзначана, что выбар спецыяльных сакратароў з шэрагу святароў, а не біскупаў, дазваляецца Кананічным Правам Касцёла. Зрэшты, такая практыка не новая, так ужо адбывалася ў мінулым падчас некалькіх сінадальных сходаў.

Сінод Біскупаў – гэта дарадчы орган пры Пантыфіку, створаны Паўлам VI па рэкамендацыі ІІ Ватыканскага Сабора. Склікаецца ён прыкладна раз на тры гады па ініцыятыве Папы для абмеркавання важных пытанняў жыцця Касцёла. Частка ўдзельнікаў накіроўваецца нацыянальнымі Канферэнцыямі Біскупаў, іншых прызначае Святы Айцец. Першая Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў праходзіла з 29 верасня па 29 кастрычніка 1967 г. Апошняя – XIV Звычайная асамблея – ў Рыме з 4 па 25 кастрычніка 2015 г. на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.

Сінод Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2018 г. Папа заклікаў маладых людзей прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да асамблеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.