cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Папа падчас “Анёл Панскі”: мець праўдзівае ўяўленне пра Бога

Папа падчас “Анёл Панскі”: мець праўдзівае ўяўленне пра Бога

19/11/2017 15:17

Езус заўсёды паказваў любоў, пяшчоту, дабрыню Бога, ніколі не прадстаўляў Яго суровым і нястрыманым. Менавіта таму, паводле Францішка, мы можам і павінны адносіцца да Яго з вялікім даверам. Папа ўзначаліў 19 лістапада 2017 г. малітву “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“У гэтую перадапошнюю нядзелю літургічнага года Евангелле прапануе нам прыпавесць аб талантах (Мц 25, 14-30) - нагадаў Пантыфік. - Нейкі чалавек, перш чым адправіцца ў падарожжа, даў сваім слугам таланты, якія былі ў той час манетамі значнай каштоўнасці: аднаму слузе пяць, другому два, іншаму адзін талант, у залежнасці ад магчымасцяў кожнага. Слуга, які атрымаў пяць талантаў быў прадпрымальным і атрымаў прыбытак, зарабіўшы яшчэ пяць. Такім жа чынам павёў сябе і іншы слуга, які атрымаў два таланты і зарабіў яшчэ два. У той час як слуга, які атрымаў адзін талант выкапаў яму і схаваў манету свайго гаспадара там.

Гэта той жа слуга, які тлумачыць свайму гаспадару, пасля яго вяртання, матыў свайго ўчынку, кажучы: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю” (Мц 25, 24-25). Гэты слуга не мае са сваім гаспадаром даверлівай сувязі, баіцца яго, і гэта яго блакуе. Страх заўсёды паралізуе і часта вядзе нас да няправільных рашэнняў. Страх адбівае ініцыятыву, вядзе да хавання ў бяспечных і гарантаваных рашэннях. Такім чынам, мы прыходзім да сітуацыі, калі не робім нічога добрага. Для таго, каб рухацца наперад і расці на жыццёвым шляху, трэба мець давер.

Гэтая прыпавесць дапамагае нам зразумець, як важна мець праўдзівае ўяўленне пра Бога. Не трэба думаць, што Ён дрэнны, рэзкі і суровы гаспадар, Які хоча нас пакараць. Калі ў нас ёсць ілжывы вобраз Бога, наша жыццё не можа быць плённым, таму што жывём у страху, і гэта не прыводзіць нас ні да чаго канструктыўнага. Мы пакліканы да рэфлексіі, каб даведацца, якой на самой справе з’яўляецца наша ідэя Бога. Ужо ў Старым Запавеце Бог паказаў сябе як “Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы” (Зых 34, 6). А Езус заўсёды паказваў нам, што Бог з’яўляецца не гаспадаром суровым і нястрыманым, але Айцом поўным любові, пяшчоты, дабрыні. Таму мы можам і павінны адчуваць вялікі давер да Яго.

Езус дэманструе нам велікадушнасць і пяшчоту Айца розным чынам: сваімі словамі, жэстамі, увагай да ўсіх, асабліва грэшнікаў, бедных і самых малых – як гэта нагадвае нам сёння першы Сусветны дзень бедных. Але і сваімі папярэджаннямі, якія паказваюць Яго заклапочанасць, каб мы не змарнавалі наша жыццё. Гэта прыкмета таго, што Бог мае вялікае павагу да нас: гэта разуменне дапамагае нам быць адказнымі ва ўсім, што мы робім. Такім чынам, прыпавесць аб талантах заклікае нас да асабістай адказнасці і такой вернасці, якая становіцца магчымасцю пастаяннага вандравання па новых шляхах, не “закопваючы талантаў”, гэта значыць дароў, якія Бог даверыў нам, і за якія адкажам перад Ім.

Няхай дапаможа нам Найсвяцейшая Дзева, каб мы былі вернымі волі Бога, спрыяючы памнажэнню талантаў, якія нам даверыў. Такім чынам, мы будзем карыснымі для іншых, і ў апошні дзень нас прывітае Пан, Які запросіць нас да ўдзелу ў Яго радасці”, - сказаў Францішак.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў пілігрымаў і папрасіў іх маліцца за яго.


19/11/2017 15:17