2017-11-20 15:52:00

Францішак сустрэўся з італьянскімі паліцэйскімі


Кожны грамадзянін павінен адчуваць падзяку за працу, якую робіць паліцыя ад імя дзяржавы і грамадства, сказаў Францішак, сустракаючыся 20 лістапада 2017 г. з прадстаўнікамі Галоўнага ўпраўлення дарожнай і чыгуначнай паліцыі Італіі. Папа заўважыў, што ў свеце, дзе мабільнасць стала надзённай неабходнасцю, патрэбна гарантаваць бяспеку перамяшчэння. Ён дадаў, што на велізарныя інвестыцыі ў меры бяспекі вадзіцелі не заўсёды адказваюць разважлівасцю.

Святы Айцец звязвае неадказнае захаванне на дарогах з мітуслівасцю і павышанай канкурэнцыяй сённяшняга ладу жыцця. У сувязі з гэтым, для павышэння бяспекі патрэбна адукацыйная дзейнасць і забяспячэнне больш высокага ўзроўню грамадскай адказнасці. Таксама праблемы ў чыгуначным сектары, які Пантыфік назваў ключавым у жыцці краіны, могуць ствараць нязручнасці для мільёнаў пасажыраў і падарожнікаў. Ён падзякаваў паліцэйскім, што сустракаючыся з самымі разнастайнымі рэаліямі, яны гарантуюць бяспеку праз прадухіленне і спыненне злачынстваў.

Важна, каб прымяненне сілы ніколі не спалучалася з насіллем, падкрэсліў Папа. Для гэтага патрэбна вялікая мудрасць і самавалоданне. На жаль, сёння паліцэйскі часта ўспрымаецца з падазрэннем або нават варожасцю, а не ў якасці гаранта агульнага дабра. Гэта, лічыць Францішак , з’яўляецца шырока распаўсюджаным злом, якое спараджае кантраст паміж тканінай грамадства і дзяржавы. Ён заклікаў праваахоўнікаў да “міласэрнага стылю”, вольнага ад помсты і агрэсіі, які характэрызуецца зразуменнем патрэб і матываў чалавека.

Важна прызнаць рэальнасць бітвы паміж дабром і злом, якая адбываецца ў свеце, і ўнутры нас, сказаў Папа, спасылаючыся на постаць апекуна паліцыі – св. Міхала Арханёла. Ён заклікаў ніколі не пагаджацца на зло і супрацьстаяць эгаізму, несправядлівасці, абыякавасці на першай лініі фронту, дзе заўсёды знаходзяцца паліцэйскія.








All the contents on this site are copyrighted ©.