2017-11-21 13:32:00

Пантыфік стварыў трэцюю секцыю ў Дзяржсакратарыяце


Папа стварыў новую структуру ў рамках ватыканскага Дзяржсакратарыяту. Секцыя па справах дыпламатычнага персаналу Святога Пасаду – так гучыць яе поўная назва – будзе кіравацца упаўнаважаным па справах папскіх прадстаўніцтваў. Гэту функцыю ў цяперашні час выконвае польскі арцыбіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі.

Як гаворыцца ў спецыяльнай заяве, рашэнне Святога Айца мае на мэце прадэманстраваць увагу і блізкасць Пантыфіка і кіраўніцтва Дзяржсакратарыяту да ватыканскага дыпламатычнага персаналу. Таму ўпаўнаважаны атрымае ўсе неабходныя магчымасці для рэгулярнага наведвання папскіх прадстаўніцтваў.

Трэцяя секцыя будзе займацца выключна пытаннямі, звязанымі з асобамі, якія працуюць на дыпламатычнай службе Святога Пасаду або рыхтуюцца да гэтага, уключаючы: пачатковую і бесперапынную фармацыю, умовы жыцця і службы. 

У выкананні гэтых функцый секцыя будзе карыстаецца правам аўтаноміі, імкнучыся ўсталяваць цеснае супрацоўніцтва з двума іншымі секцыямі Дзяржсакратарыяту: па агульных пытаннях і па адносінах з дзяржавамі. Таму ўпаўнаважаны па справах папскіх прадстаўніцтваў будзе прымаць удзел у штотыднёвых каардынацыйных нарадах пад старшынствам Дзяржаўнага сакратара, а таксама ў сустрэчах, прысвечаных прызначэнню папскіх прадстаўнікоў. Акрамя таго, ён будзе несці адказнасць, разам з кіраўніком Папскай касцёльнай акадэміі, за адбор і падрыхтоўку кандыдатаў на дыпламатычную службу Святога Пасаду.

57-гадовы арцыбіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі паходзіць з дыяцэзіі Быдгашч у Польшчы. З 1991 г. знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. 7 снежня 2015 г. Францішак прызначыў яго ўпаўнаважаным па справах папскіх прадстаўніцтваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.