2017-11-21 11:34:00

Святы Айцец пра служэнне пастаянных дыяканаў


Служэнне дыякана павінна разглядацца як неад’емная частка працы Другога Ватыканскага Сабора на карысць падрыхтоўкі Касцёла да абнаўлення апостальства ў сучасным свеце, напісаў Францішак у прадмове да кнігі са сваімі выказваннямі на тэму пастаяннага дыяканату. Яна змяшчае тэксты, якія з’явіліся як падчас яго пантыфікату, так і ў часы служэння ў Буэнас-Айрэсе.

Пантыфік лічыць, што ў апошнія дзесяцігоддзі Касцёл перажыў незвычайны духоўны і душпастырскі рост дзякуючы глыбокаму прыняццю саборных дакументаў. У гэтым кантэксце ён таксама ўспрымае аднаўленне пастаяннага дыяканату. Гэта праява дыяконіі Хрыста Слугі, а таксама заахвочанне Касцёла да адлюстравання такога стаўлення і развіцця “дыяканскай свядомасці”.

Спасылаючыся на вучэнне св. Яна Паўла, Францішак нагадаў, што служэнне дыяканаў свае крыніцы знаходзіць у евангелізацыі. Яны павінны падтрымліваць апостальскае служэнне і прымаць удзел у абвяшчэнні ўваскрасення Езуса словамі і справамі, уносячы Божае Слова ў жыццё Божага народа.

Гаворачы аб іншых аспектах гэтага вернутага Саборам у жыццё Касцёла служэння, Папа адзначыў, што ўся дыяконія Касцёла мае сваё жывое сэрца ў таямніцы Эўхарыстыі і рэалізуецца галоўным чынам у служэнні бедным, якія нясуць у сабе пакуты Хрыста. Ён нагадаў у гэтым кантэксце св. Лаўрэнція, які казаў, што бедныя з’яўляюцца скарбам Касцёла.

Таксама Святы Айцец распавёў аб сваім захапленні св. Францішкам Асізскім, якога традыцыя называе дыяканам. “Для мяне – ён чалавек беднасці і спакою, чалавек, які любіць і абараняе стварэнне. Гэта асоба, ад якой дыяканы павінны чэрпаць натхненне”, - сказаў Папа.

Кніга пра служэнне пастаянных дыяканаў пад рэдакцыяй Энца Петраліна “Дыяканат у думцы папы Францішка. Касцёл бедны і для бедных” выйшла ў Ватыканскім выдавецтве.








All the contents on this site are copyrighted ©.