cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Папа: ісці на св. Імшу, як уздымацца на Кальварыю

Папа: ісці на св. Імшу, як уздымацца на Кальварыю - AFP

22/11/2017 11:55

Св. Імша робіць нас удзельнікамі перамогі Хрыста над грахом і смерцю, і надае поўны сэнс нашаму жыццю, адзначыў Францішак 22 лістапада 2017 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных Эўхарыстыі, Пантыфік нагадаў, што св. Імша, гэта не нейкі ўспамін пра падзеі мінулага – у літургічнай цэлебрацыі яны набываюць рэальную прысутнасць у цяперашнім часе.

“Менавіта так Ізраіль разумее сваё вызваленне з Егіпта: кожны раз, калі святкуецца Пасха, падзеі Зыходу прысутнічаюць у памяці вернікаў, каб тыя суадносілі з імі сваё жыццё” (ККК, 1363). Езус, праз сваю муку, смерць, уваскрасенне і ўнебаўшэсце давёў да спаўнення Пасху, і св. Імша – гэта ўспамін Яго Пасхі, Яго “зыходу”, які Ён здзейсніў для нас, каб дазволіць нам выйсці з няволі і ўвайсці ў абяцаную зямлю вечнага жыцця. Гэта не проста ўспамін, але нешта большае: гэта актуалізацыя таго, што адбылося дваццаць стагоддзяў таму”, - сцвердзіў Папа.

Па словах Францішка, удзельнічаць у св. Імшы, асабліва ў нядзелю, значыць уваходзіць у перамогу Уваскрослага, быць асветленымі Яго святлом і сагрэтымі Яго цяплом. “Праз эўхарыстычную цэлебрацыю Святы Дух робіць нас удзельнікамі Боскага жыцця, здольнага перамяніць усю смяротную істоту. У сваім пераходзе ад смерці да жыцця, ад часу да вечнасці, Пан Езус вядзе нас за Сабой, каб ажыццяўляць Пасху. У св. Імшы здзяйсняецца Пасха. Падчас св. Імшы мы прабываем з Езусам, памерлым і ўваскрослым, і Ён вядзе нас за Сабой наперад, да вечнага жыцця. У св. Імшы мы лучымся з Ім. Больш за тое, Езус жыве ў нас і мы жывём у Ім”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што кроў Хрыста вызваляе нас ад смерці і страху перад смерцю. Пры гэтым яна робіць нас вольнымі не толькі ад панавання фізічнай смерці, але таксама смерці духоўнай, якой з’яўляецца зло, грэх, у выніку чаго наша жыццё становіцца “брудным, губляе прыгажосць і значэнне, марнее”.

“Пасха Хрыста – гэта канчатковая перамога над смерцю, бо Ён перамяніў сваю смерць у найшывышэйшы ўчынак любові. Памёр дзеля любові! І ў Эўхарыстыі Ён жадае пераказаць нам гэту сваю пасхальную, пераможную любоў. Калі прымем яе з верай, таксама і мы зможам па-сапраўднаму любіць Бога і бліжняга, зможам любіць як Ён палюбіў нас, даючы жыццё”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што, маючы ўнутры сябе Хрыстовую любоў, можна цалкам дарыць сябе іншаму чалавеку, з унутранай упэўненасцю ў тым, што нават, калі ён нас параніць, мы не памрэм. У адваротным выпадку прыйдзецца бараніць сябе. “Мучанікі далі свае жыцці менавіта маючы гэту ўпэўненасць у перамозе Хрыста над смерцю. Толькі калі спазнаем гэту моц Хрыста, моц Яго любові, будзем па-сапраўднаму свабоднымі, каб дарыць сябе без страху”, - сцвердзіў ён.

“Менавіта гэтым з’яўляецца св. Імша – уваходам у муку, смерць, уваскрасенне і ўнебаўшэсце Езуса. Калі ідзём на св. Імшу, як быццам ідзём на Кальварыю. Падумайце толькі: калі ўздымаемся на Кальварыю – уявіце сабе, – і ведаем, што тым чалавекам на крыжы з’яўляецца Езус, ці дазволім сабе гутарыць, фатаграфаваць, рабіць шоў? Не! Таму што тут прысутны Езус! Безумоўна, мы б стаялі ў маўчанні, у слязах, але і з радасцю, таму што мы збаўлены. Калі ўваходзім у касцёл, каб цэлебраваць св. Імшу, падумаем пра гэта: уваходжу на кальварыю, дзе Езус аддае сваё жыццё за мяне”, - сказаў Пантыфік.    

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 22 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін св. Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі. Ён заклікаў вернікаў, гледзячы на яе прыклад узрастаць у веры і служэнні бліжнім, адчуваць падтрымку Хрыста ў моманты пакут, а таксама любіць, не ставячы для гэтага ніякіх умоў. “Памолімся ўсе да св. Цэцыліі, каб навучыла нас спяваць ад усяго сэрца, каб навучыла нас радаснаму спеву збаўлення”, - заахвоціў Папа.


22/11/2017 11:55