2017-11-23 12:47:00

Пантыфік: жанчыны здольныя абараціць ад ідэалогій


Пазбаўленне свабоды, знішчэнне памяці і ідэалагізацыя моладзі – гэта тры паказчыкі культурнай і ідэалагічнай каланіцацыі, адзначыў папа Францішак 23 лістапада 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён працягнуў разважаць над сітуацыі Божага народа, які сутыкнуўся з пераследам з боку язычнікаў, аб чым ідзе гаворка ў Другой кнізе Макабэяў.

Па словах Святога Айца, тое што адбылося з ізраільцянамі, “здараецца кожны раз, калі на зямлі паўстае новая культурная ці ідэалагічная дыктатура”, якая ажыццяўляе каланізацыю. У якасці прыкладу ён узгадаў еўрапейскія дыктатуры мінулага стагоддзя і “ідэалагічныя школы”, якія яны стварылі. 

Усе яны дзейнічаюць аднолькава: пазбаўляюць свабоды, знішчаюць гісторыю і памяць народа, а таксама навязваюць сваю адукацыйную сістэму для моладзі. Паводле Францішка, некаторыя краіны робяць гэта вельмі далікатна, нібыта ў “белых пальчатках”: узамен на фінансавую дапамогу яны ўказваюць, па якіх кнігах трэба вучыць насельніцтва. У іх жа адмаўляецца стварэнне Богам сусвету і існаванне адметнасцяў, перакрэсліваецца гісторыя. А хто не згодны з гэтым, той падвяргаецца дыскрымінацыі, ці нават пераследу.

Спасылаючыся на гісторыю макабэяў, Папа заўважыў, што значную ролю ў абароне гэтага народу ад язычніцкай культурнай каланізацыі адыгралі жанчыны. Менавіта яны заклікалі сваіх дзяцей быць адважнымі, аж да мучаніцтва, вучылі захоўваць памяць, гісторыю, каштоўнасці і на дыялекце перадавалі веру, якую потым тлумачылі знаўцы Божага закону. “Ніводная культурная каланізацыя не змагла перамагчы дыялект”, - сказаў Францішак. 

“Божы народ ішоў наперад дзякуючы сіле шматлікіх адважных жанчын, якія мелі здольнасць перадаваць сваім дзецям веру, і толькі яны – маці – могуць перадаваць веру на дыялекце. Няхай Пан заўсёды дае нам ласку, у Касцёле, каб мелі памяць, не забывалі дыялекту нашых айцоў і мелі мужных жанчын”, - завяршыў сваю гамілію Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.