2017-11-23 14:14:00

Папа да францішканаў: абдыміце пракажоных нашага часу


“Адкрыйце вашы сэрцы і абдыміце пракажоных нашага часу”, - заклікаў Святы Айцец прадстаўнікоў францішканскага Першага і Трэцяга рэгулярнага Ордэнаў, якіх прыняў 23 лістапада 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане. На сустрэчы прысутнічалі 400 асоб. Яна прайшла ў Клементыйскай зале Апостальскага палаца.

“Няхай усе будуць аднолькава меншымі”, - працытаваў Папа словы з рэгулы Ордэна Меншых Братоў ад 1221 г. Быць “меншымі”, гэта не другаснае, а фундаментальнае для жыцця і місіі духоўных паслядоўнікаў св. Францішка, заўважыў ён. 

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей у першую чаргу станавіцца меншымі ў адносінах з Богам. Трэба стаць як дзеці: быць пакорнымі і мець давер, як евангельскі мытнік, які глыбока ўсведамляў сваю грэшнасць. “Будзьце ўважлівымі да духоўнай пыхі, фарысейскай пыхі: яна горшая за марнасць”, - сказаў Францішак.

Папа запрасіў францішканаў заўсёды быць удзячнымі Богу за тое, што атрымліваюць у жыцці. Удзячнасць можна праяўляцца ў праслаўленні Пана, а таксама ў жыцці згодна з евангельскай логікай дару, што падштурхоўвае нас перамагчы сябе і выйсці насустрач іншым, каб прыняць іх у наша жыццё, сказаў Пантыфік.

Іншая парада Святога Айца тычылася важнасці быцця “меншымі” ў адносінах з братамі, пазбягаючы любых праяваў высакамернасці: выкараніць у сабе павярхоўныя суджэнні аб іншых і перастаць кепска казаць пра братоў за іх плячыма; адрынуць спакусу выкарыстання ўлады для падпарадкавання іншых; не “прымушаць братоў плаціць” за зробленае намі і не ўспрымаць іх служэнне для нас як нешта належнае; не гневацца і не абурацца па прычыне грахоў брата.

Святы Айцец заклікаў паслядоўнікаў духоўнасці св. Францішка, калі робяць штосьці для самых малых, адрынутых і апошніх, ніколі не рабіць гэтага з п’едэсталу перавагі. “Лепш успрымайце зробленае для іх як вяртанне таго, што вы бязвыплатна атрымалі”, - сказаў ён.

У апошняй частцы сваёй прамовы Пантыфік заклікаў клапаціцца пра створаную Богам прыроду, “нашу сястру і маці, якая пратэстуе, таму што да яе кепска ставяцца”. Ён заклікаў францішканаў супрацоўнічаць з ініцыятывамі, якія тычацца клопату аб нашым супольным доме, памятаючы аб блізкай сувязі паміж чалавечай беднасцю і крохкасцю планеты.








All the contents on this site are copyrighted ©.