cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа: раны хрысціян – знакі пасхальнага святла ў свеце

Папа: раны хрысціян – знакі пасхальнага святла ў свеце

24/11/2017 14:47

24 лістапада 2017 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу. Яе члены правялі ў Рыме пасяджэнне, кульмінацыяй якога стала падпісанне сумеснай дэкларацыі аб сакрамэнтальным жыцці. Гэта падзея стала другім важным этапам у адносінах паміж Цэрквамі, пасля падпісання ў 1994 г. сумеснай хрысталагічнай дэкларацыі.

“Сёння мы можам з яшчэ большым даверам глядзець у будучыню і прасіць Пана, каб працяг вашай сумеснай працы паспрыяў набліжэнню таго благаслаўлёнага і доўгачаканага дня, калі зможам з радасцю цэлебраваць на адзіным алтары поўную еднасць Хрыстовага Касцёла”, - сказаў Святы Айцец.

Каментуючы падпісаную дэкларацыю, Пантыфік ухваліў зробленую ў ім спасылку “на крыж як на красамоўны сімвал адзінства паміж усімі сакрамэнтальнымі цэлебрацыямі”. Крыж нагадвае пра пакуты, перанесеныя ў імя Хрыста, і заклікае быць побач з тымі, хто нясе сёння цяжкі крыж на сваіх плячах, адзначыў ён.

Францішак нагадаў, што Асірыйская Царква Усходу, як і іншыя Цэрквы на Блізкім Усходзе, пакутуе па прычыне пераследу і з’яўляецца сведкай жудаснага насілля, якое здзяйсняецца ў імя экстрэмісцкага фундаменталізму. Нестабільнасць і канфлікты спараджаюць “культурныя і духоўныя пустыні, у якіх становіцца лёгка маніпуляваць і падбухторваць да нянавісці”, дадаў Папа.

“Робячы знак крыжа, мы ўзгадваем раны Хрыста. Тыя раны, якія ўваскрасенне не знішчыла, а напоўніла святлом. Таксама і раны хрысціян, у тым ліку адкрытыя, калі пазначаны жывой прысутнасцю Езуса і Яго любоўю, становяцца ззяючымі, становяцца знакамі пасхальнага святла ў свеце, ахопленым цемрай”, - сказаў Папа.

Асірыйская Царква Усходу налічвае каля 500 тыс. вернікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Блізкага Усходу, Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі. Рэзідэнцыя Патрыярха знаходзіцца ў іракскім горадзе Эрбіль.


24/11/2017 14:47