2017-11-24 13:57:00

Францішак: самая важная святыня – наша сэрца


Касцёлы павінны быць месцамі служэння і бескарыслівасці, адзначыў Францішак 24 лістапада 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічныя чытанні з Першай кнігі Макабэяў (4, 36-59) і Евангелля св. Лукі (19,45-48), прысвечаныя тэме ачышчэння святыні.

“Самай важнай Божай святыняй з’яўляецца наша сэрца. Унутры нас жыве Святы Дух”, - сказаў Папа. У той жа час ён заклікаў падумаць пра тое, што адбываецца ў нашых сэрцах. Хрысціяне павінны быць пільнымі, аналізаваць свае думкі і пачуцці, размаўляць са Святым Духам і слухаць Яго, падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што Хрыстус асаблівым чынам прысутнічае ў хворых, пакутуючых, галодных і зняволеных. Таму служэнне гэтым асобам павінна мець першаснасць перад аздабленнем і ўпрыгожваннем касцёлаў. “Спачатку служэнне, а потым аздабленні”, - сказаў ён.

Францішак са смуткам заўважыў, што часам мы заходзім у касцёлы і “становіцца незразумела, дзе мы знаходзімся: у Божай святыні ці ў супермаркеце”. “Тут вядзецца гандль, ёсць нават прэйскурант на сакрамэнты. Не хапае бескарыслівасці. Але Бог нас збавіў бясплатна, не патрабаваў ніякай аплаты”, - сказаў ён.

Паводле слоў Папы, можна запярэчыць: грошы патрэбны на ўтрыманне касцёльных структур, святароў і г.д. Але, паводле яго слоў, “трэба даваць бескарысліва, а Бог зробіць усё астатняе”. "Нашы касцёлы павінны быць “касцёламі служэння, бескарыслівасці”, - закончыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.