2017-11-25 11:22:00

Беларусь: прэзентавана афіцыйнае выданне “Новага Запавету”


Першае поўнае афіцыйнае выданне “Новага Запавету” на беларускай мове прэзентаваў сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Чырвоны з залатым надпісам фаліянт цяжка было не заўважыць. Знешні выгляд адпавядае падзеі. Яна, безумоўна, гістарычная! 

Божае Слова на зразумелай сучаснай мове – вось галоўная задача перакладу, паведаміла Марына Пашук, доктар біблійнай тэалогіі, супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, выкладчык у Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля. “Дагэтуль былі пераклады, яны, магчыма, адпавядалі тым стандартам мовы, а сёння мова змяняецца. Яна вельмі жывая. Таму трэба было арыентавацца на сучаснага чытача. Адметнасць выдання заключаецца ў тым, што ў ім ёсць карты, чаго таксама не было ў папярэднім выданні,  вельмі дакладныя: ёсць карты падарожжаў св. Паўла, карта старажытнага Ерузалема, карта Палестыны. Таксама змешчана храналагічная табліца: можна пазнаёміцца з гісторыяй Збаўлення, а таксама агульначалавечай гісторыяй, як гэта ўсё суадносіцца. Ёсць таксама біблійны слоўнік: калі чытачы сустрэнуцца з нейкім незнаёмым словам у тэксце, могуць проста зазірнуць і паглядзець, што яно азначае”, - патлумачыла змест выдання чалавек, які ў калектыве аўтараў непасрэдна займаўся перакладам. 

Ішлі да канчатковага варыянту, насамрэч, складана і доўга: грунтоўная праца над перакладамі біблійных тэкстаў пачалася 15 гадоў таму. Над выданнем “Новага Запавету”, падрыхтаванага Секцыяй па перакладзе, працавалі прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі, тэолагі і філолагі. Перакласці трэба было з арыгінальнай мовы – старажытнагрэчаскай. Захавалі прынятую ў Касцёле тэалагічную тэрміналогію, але, дзе было неабходна, нават і некаторыя габрэйскія, арамэйскія і грэчаскія словы. 

Увогуле, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, праца па перакладзе Святога Пісання на гэтым не спыняецца. “Трэба сказаць, што каля 80% “Старога Запавету” ужо перакладзена. Гэта я ўжо паставіў наступную задачу перад гэтай камісіяй, каб пасля цяперашняй прэзентацыі пачаць новую працу над перакладам “Старога Запавету”, каб мы мелі ўжо ўсю Біблію”, - падзяліўся планамі беларускі іерарх.

Зусім нядаўна Беларуская Праваслаўная Царква таксама прадставіла пераклад “Новага Запавету” на сучасную беларускую мову. Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў: абедзве канфесіі сёння ў гэтай справе не супернікі, наадварот – саюзнікі. Вопыт, у любым выпадку, цікавы і тым, і іншым. Выданне, якое прэзентаваў сёння Каталіцкі Касцёл, выйшла тыражом 2 тыс. экзэмпляраў, і ўжо сёння “Новы Запавет” на мове апынецца ў руках шматлікіх вернікаў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.