2017-11-25 14:20:00

Кардынал Паралін пра візіт Папы ў М’янму і Бангладэш


Католікі М’янмы і Бангладэш з’яўляюцца маленькім зернем міру ў сваіх грамадствах, перакананы кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Іерарх падзяліўся сваімі думкамі адносна маючага адбыцца з 26 лістапада па 2 снежня 2017 г. Апостальскага падарожжа папы Францішка ў дзве азіяцкія краіны.

Па словах кардынала, Святы Айцец скіруе сваю ўвагу на мясцовыя каталіцкія супольнасці. Ён заахвоціць вернікаў быць моцнымі ў веры, спрыяць супакою, прымірэнню і салідарнасці ва ўсім грамадстве, працаваць на карысць супольнага дабра, будучы інтэграванымі і здольнымі рабіць унёсак у грамадскае і мірнае развіццё сваіх краін, а не лічыць сябе чужымі ва ўласных грамадствах.

Падарожжа Францішка ў Азію стане магчымасцю, каб нагадаць аб важнасці вырашэння канфліктаў праз дыялог, перамовы і сустрэчу, што асабліва важна ў кантэксце карэйскага крызісу. Па словах кардынала Параліна, Папа зноў скіруе заклік, у якім падкрэсліць, што альтэрнатывы гэтым сродкам няма, што з вайной можна згубіць усё, асабліва, калі гаворка ідзе пра ядзерную вайну.

Яшчэ адной тэмай візіту павінна стаць сітуацыя бежанцаў, якіх у абедзьвюх краінах шмат. Паводле кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, каб вырашыць складаную сітуацыю, асабліва ў штаце Ракхайн у М’янме, неабходны доўгатрывалыя рашэнні, пошукам якіх павінны займацца ўсе зацікаўленыя бакі. Пры гэтым трэба ўлічваць важнасць нацыянальнай годнасці народу і ведаць, што доўгатрывалае рашэнне можна прынесці стабільнасць, мір і развіццё ў гэты рэгіён і ўсе месцы, дзе ідуць канфлікты.

Безумоўна, увага Святога Айца будзе звяртацца на сувязь паміж галечай, кліматычнымі зменамі і дэградацыяй навакольнага асяроддзя, што асабліва актуальна для Бангладэш, дзе тры чвэрці насельніцтва жыве ў стане беднасці і пакутуе ад пастаянных паводкаў. Пры гэтым дзяржава ўжо зрабіла значныя крокі наперад, каб вырашыць гэту праблему, што адзначалася таксама ААН, заўважыў кардынал Паралін.

Сустракаючыся з мясцовымі будысцкімі і мусульманскімі лідэрамі, Папа падкрэсліць важнасць міжрэлігійнага дыялогу, а таксама нагадае пра ўклад, які рэлігіі могуць рабіць ва ўстанаўленне супакою, паяднання і мірнага суіснавання паміж народамі, перакананы бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.