2017-11-26 12:10:00

Францішак: Езус прыходзіць да нас кожны дзень


Езус прыйдзе напрыканцы часоў, каб судзіць усе народы, але Ён прыходзіць да нас і кожны дзень, шматлікімі спосабамі, і просіць нас прыняць Яго, падкрэсліў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 26 лістапада 2017 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“У гэту апошнюю нядзелю літургічнага года мы святкуем урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, - нагадаў Пантыфік. - Яго валадаранне – гэта валадаранне правадырства, служэння, а таксама валадаранне, якое напрыканцы часоў споўніцца як суд. Сёння мы маем перад сабой Хрыста як Валадара, Пастыра і Суддзю, які паказвае крытэрыі прыналежнасці да Божага Валадарства. 

Евангельскі ўрывак пачынаецца грандыёзнай візіяй. Езус, звяртаючыся да сваіх вучняў, кажа: “Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй” (Мц 25,31). Гаворка ідзе пра ўрачыстае ўвядзенне ў аповед пра Апошні суд. Пасля зямнога жыцця ў пакоры і беднасці, зараз Езус прадстае у Боскай хвале, якая Яму належыць, у атачэнні шэрагаў анёлаў. Усё чалавецтва склікана перад Ім і Ён здзейсняе сваю ўладу аддзяляючы адных ад другіх, як пастыр, што аддзяляе авечак ад казлоў.

Тым, якіх паставіў з правага боку, кажа: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (Мц 25,34-36). Справядлівыя былі здзіўленыя, бо не памяталі, каб сустракалі Езуса, і тым больш, каб дапамагалі Яму такім чынам. Але Ён абвяшчае: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40). Гэтыя словы ніколі не перастаюць ўражваць нас, бо паказваюць да якой ступені даходзіць Божая любоў; аж да атаясамлення з намі, але не калі з намі ўсё добра, калі мы здаровыя і шчаслівыя, але калі знаходзімся ў патрэбе. І такім нябачным чынам Ён дазваляе сустрэцца з Ім, працягвае нам руку, як жабрак. Так Езус паказвае фундаментальны крытэрый свайго суда, якім з’яўляецца канкрэтная любоў да бліжняга, што знаходзіцца ў цяжкасцях. І так адкрываецца сіла любові, валадаранне Бога, салідарнага з пакутуючымі, каб абудзіць паўсюль міласэрныя адносіны і ўчынкі.

Прыпавесць пра суд працягваецца паказваючы Валарадара, які аддаляе ад сябе тых, хто на працягу свайго жыцця не клапаціўся пра патрэбы братоў. Таксама ў гэтым выпадку тыя засталіся здзіўленыя і пыталіся: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?” (Мц 25,44). Нібыта хацелі сказалі: “Калі б мы Цябе бачылі, то дакладна дапамаглі б Табе!”. Але Валадар адказвае: “Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне.” (Мц 25,45). Напрыканцы нашага жыцця мы будзем асуджаны па любові, гэта значыць па нашых канкрэтных высілках прыкладзеных на тое, каб любіць і служыць Езусу ў нашых самых малых і патрабуючых братах. Той жабрак, той патрабуючы, які працягвае руку – гэта Езус; той хворы, якога павінен наведаць, гэта Езус; той вязень – гэта Езус; той галодны – гэта Езус. Падумайма пра гэта.

Езус прыйдзе напрыканцы часоў, каб судзіць усе народы, але прыходзіць да нас і кожны дзень, шматлікімі спосабамі, і просіць нас прыняць Яго. Панна Марыя няхай дапаможа нам сустрэць Яго і прыняць ў Яго Слове і Эўхарыстыі, і ў той жа час, у братах і сёстрах, якія пакутуюць ад голаду, хваробаў, прыгнёту, несправядлівасці. Няхай нашы сэрцы змогуць прыняць Яго сёння ў наша жыццё, каб мы былі прыняты Ім ў вечнасці Яго Валадарства святла і міру”.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец скіраваў да вернікаў некалькі зваротаў, пасля чаго ўдзяліў прысутным на ватыканскай плошчы, і ўсім хто сачыў за сустрэчай з дапамогай сродкаў камунікацыі, сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.