2017-11-28 14:30:00

Пантыфік да палітыкаў: будучыняй М’янмы павінен быць мір


Будучыняй М’янмы павінен быць мір, збудаваны на павазе да годнасці і правоў кожнага члена грамадства, на павазе да кожнай этнічнай групы і яе тоеснасці, на павазе да закону і дэмакратычнага ладу, сказаў Францішак у звароце да дзяржаўных уладаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Сустрэча адбылася 28 лістапада 2017 г. у Міжнародным кангрэс-цэнтры ў Найп’іда.

Святы Айцец заўважыў, што самым вялікім багаццем М’янмы з’яўляецца яе народ, які шмат пакутаваў і працягвае цярпець па прычыне працяглых ўнутраных канфліктаў і варожасці, што пасеялі глыбокія падзелы. Лячэнне ран з’яўляецца фундаментальным палітычным і духоўным прыярытэтам, падкрэсліў ён.

Францішак падтрымаў намаганні ўладаў па аднаўленні міру і дадаў, што згода магчыма толькі на базе справядлівасці і павагі да правоў чалавека. У гэтым кантэксце адмысловую ролю адыгрываюць элігіі, якія павінны “дапамагчы пераадолець прычыны канфліктаў, будаваць масты дыялогу, шукаць справядлівасці і быць прароцкім голасам пакутуючых”.

Пантыфік пажадаў, каб грамадскія адметнасці былі не прычынай канфліктаў, а сілай для дасягнення адзінства, прабачэння, талерантнасці і мудрага будавання краіны. Ён заклікаў прадстаўнікоў розных веравызнанняў супрацоўнічаць у дапамозе бедным і навучанні сапраўдным рэлігійным і чалавечым каштоўнасцям.

Звяртаючыся да каталіцкай супольнасці М’янмы, Пантыфік адзначыў важнасць яе ўдзелу ў працы на карысць супольнага дабра праз дабрачынныя і гуманітарныя ініцыятывы, у супрацоўніцтве з вызнаўцамі іншых рэлігій і ўсімі людзьмі добрай волі, “каб адкрыць новую эру згоды і прагрэсу”. 

Пасля сустрэчы з палітыкамі і грамадскімі дзеячамі Святы Айцец накіраваўся ў аэрапорт адкуль выляцеў у кірунку Янгона. Там, у сядзібе мясцовага арцыбіскупа, знаходзіцца яго часовая рэзідэнцыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.