2017-11-28 11:17:00

Папа да рэлігійных лідэраў М’ямны: багацце ў адметнасцях


Другі дзень свайго Апостальскага падарожжа ў М’янму Святы Айцец пачаў з сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігій, якія прысутнічаюць у гэтай азіяцкай краіне. Падчас 40-хвіліннай размовы ў арцыбіскупскім палацы ў Янгоне ўздымалася тэма еднасці ў адметнасцях паміж канфесіямі і рэлігіямі, паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы. 

У сустрэчы прынялі ўдзел 17 рэлігійных лідэраў: пяць прадстаўнікоў будызму, тры – ісламу, два – індуізму, адзін – юдаізму і шэсць – хрысціянства. “Мы ўсе розныя і кожнае веравызнанне мае свае багацці, свае традыцыі, свае скарбы, якімі можа падзяліцца. Гэта магчыма толькі тады, калі жывём у міры”, - падкрэсліў у сваім спантанным звароце да сабраных Пантыфік.

Францішак заўважыў, што ў свеце існуе тэндэнцыя да знішчэння адметнасцяў. “Гэта забівае чалавецтва. Гэта культурная каланізацыя. Мы павінны зразумець багацце нашых адрозненняў – этнічных, рэлігійных, народных – і, адштурхоўваючыся ад іх, весці дыялог. Праз гэтыя адметнасці можна пазнаць адзін аднаго, як браты”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей па-братэрску супрацоўнічаць у справе адбудовы грамадскага жыцця ў М’янме. “Не будзем баяцца адметнасцяў! У нас адзін Айцец! Мы браты і будзем імі заставацца. А калі спрачаемся паміж сабой, будзем як браты, якія адразу мірацца, заўсёды вяртаюцца да братэрства. Я думаю, што толькі так будуецца мір”, - сказаў ён.

Міжрэлігійная сустрэчы была ўключана ў афіцыйную праграму Апостальскага падарожжа Папы ў М’янму толькі тыдзень таму, аб чым Святога Айца папрасіў кардынал Чарльз Бо, арцыбіскуп Янгона. У гэтай пераважна будысцкай краіне на працягу дзесяцігоддзяў адбываюцца канфлікты на этнічнай і рэлігійнай глебе.








All the contents on this site are copyrighted ©.