cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Два месяцы пасля сустрэчы еўрапейскіх епіскапатаў у Мінску

Два месяцы пасля сустрэчы еўрапейскіх епіскапатаў у Мінску - RV

29/11/2017 14:15

Роўна два месяцы таму ў Мінску праходзіла пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы – найбольш уплывовай каталіцкай іерархічнай арганізацыі ў Еўропе. Форум ужо стаў гісторыяй. Шмат водгукаў і заяў было зроблена падчас яго працы, але самыя значныя высновы, звычайна, робяцца пасля. Іх Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё папрасіла зрабіць гаспадара асамблеі, арцыбіскупа-мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. 

Біскупы і кардыналы абмяркоўвалі адно – як зберагчы адзіны для ўсіх кантынент: паспрыяць вырашэнню крызісу ў Еўропе і падтрымаць моладзь, так коратка ахарактарызаваў тое, што адбывалася ў Мінску іерарх. “Чырвонай лініяй праходзіла тое, што ўсе мы ведаем: моладзь – будучыня свету і Еўропы. Але біскупы з трывогай глядзяць на маладых людзей, якія сёння баяцца адказнасці, пра гэта ўжо казалі падчас двух папярэдніх Сінодаў аб сям’і, баяцца прымаць рашэнне аб стварэнні сям’і. Гэта таксама тэма і будучага Сіноду Біскупаў у Ватыкане – моладзь і пакліканне”, - адзначыў гаспадар форуму.   

Тое, што еўрапейскія іерархі пазнаёміліся з беларускай спецыфікай, арцыбіскуп лічыць адным з самых важных дасягненняў. “Я падкрэсліў: мы знаходзімся ў Еўропе, але ў нас крыху іншая Еўропа. Так, яна за мяжой Еўразвязу, але з трагічнай, багатай гісторыяй хрысціянства, і гэтыя асаблівасці, гісторыю трэба ўлічваць пры падрыхтоўцы і правядзенні Сінода Біскупаў. Нават праваслаўны Мітрапаліт Павел падкрэсліў: мы паглядзім на вынікі вашага пасяджэння. Сапраўды гэта стварае сям’ю паміж намі хрысціянамі, заходняга і ўсходняга абрадаў. Трэба дапамагаць адно аднаму”, - упэўнены старшыня беларускага епіскапату.  

Голас Касцёла павінен быць больш моцным – з пасылам, які прагучаў на сустрэчы каталіцкіх іерархаў з Прэзідэнтам Беларусі, арцыбіскуп Кандрусевіч згодны. Усё часцей і часцей іерарх кіруе адкрытыя лісты па самых розных праблемах – рэлігійных і грамадскіх. І гэты голас не проста чуюць, на яго рэагуюць. Чытаць знакі часу, адказваць на сацыяльныя выклікі, бараніць годнасць чалавека – усё гэта галоўныя задачы, якія сёння стаяць перад Касцёлам. Іх трэба вырашаць, у тым ліку, разам з дзяржавай. Нездарма падчас каталіцкага форуму журналісты цікавіліся: як хутка чакаць афіцыйнага пагаднення паміж Беларуссю і Святым Пасадам, бо менавіта гэты дакумент паспрыяў бы навядзенню афіцыйных мастоў паміж дзяржаўнымі і рэлігійнымі ўстановамі ў шматлікіх справах. “Адсутнасць такой дамовы тармозіць нас. Трэба нешта рабіць. Таму, пакуль няма канкардата, няма дамовы паміж двума суб’ектамі міжнароднага права – дзяржавай і Святым Пасадам – патрэбны пераходны варыянт. Гэта адкрыла б нам шлях для працы ў войску, турмах, бальніцах, навучальных установах”,  – падкрэсліў арцыбіскуп. 

Мінскі форум ужо назвалі новым імпульсам для Касцёла ў Беларусі. Магчыма, і новым этапам у адносінах з Праваслаўнай Царквой. Гэтыя крокі трэба рабіць, як гэта зрабілі Святы Айцец Францішак і Патрыярх Кірыл. Сёння Маскоўскі Патрыярхат працягвае пашыраць кантакты з Святым Пасадам, нагадаў арцыбіскуп, таму сусветная рэлігійная суполнасць задаецца пытаннем: калі будзе чарговая сустрэча двух лідэраў. У Мінску паўстала пытанне – чаму беларуская сталіца не можа быць такой пляцоўкай? 

“Нялёгка было арганізаваць сустрэчу Папы і Патрыярха, але яны гэтыя стэрэатыпы зламалі, і спатканне каталіцкіх біскупаў з Мітрапалітам Паўлам – гэта працяг гэтай лініі. Калі хочам развіваць гэтыя кантакты, патрэбна сустрэча. Калі перашая была на Кубе, зараз пытанне – дзе? Вядома, трэба меркаванне супольнае духавенства і іншае, але, мне здаецца, Беларусь з’яўляецца насамрэч добрым месцам , і людзі вельмі добра ўспрымуць – духавенства, дзяржава, Прэзідэнт таксама падрэсліў гэта – сумненняў няма. Гэта было б добра для далейшых кантактаў, нават потым для сустрэчы ў Маскве – Мінск стаў бы добрай пляцоўкай”, - запэўніў беларускі іерарх.
  
Гэта мары і планы. Але тое, што Мінск годна выканаў сваю ролю пляцоўкі для пасяджэння найбольш важнай асамблеі каталіцкіх іерархаў Еўропы – гэта дакладна.


29/11/2017 14:15