cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа да будыстаў: разам залечым раны народу М’янмы

Папа да будыстаў: разам залечым раны народу М’янмы - ANSA

29/11/2017 14:05

Католікі і будысты пакліканы працаваць разам, каб залячыць раны народу М’янмы, падкрэсліў Францішак 29 лістапада 2017 г., падчас сустрэчы з членамі Вышэйшага камітэта будысцкіх манахаў. Ён пажадаў, каб у адносінах паміж вызнаўцамі розных рэлігій былі пераадолены ўсе формы непаразумення і неталерантнасці, усе забабоны і нянавісць.

Сустрэча адбылася ў кангрэс-цэнтры на тэрыторыі Каба Эй Пагады, аднаго з самых вядомых будысцкіх храмаў у Паўднёва-Усходняй Азіі, узведзенага ў 1952 г. Вялізарны залаты купал гэтай святыні трымаецца на шасці калоннах, якія сімвалізуюць шэсць будысцкіх кангрэсаў, апошні з якіх прайшоў тут у 1954-1956 гг. 

Пры ўваходзе ў храм Святы Айцец зняў абутак, чаго патрабуюць мясцовыя традыцыі. З аднаго боку кангрэс-цэнтру, на драўляных крэслах, селі манахі, а з іншага – Папа і асобы, якія яго суправаджалі. Пасля прывітальнага слова старшыні Вышэйшага камітэта Пантыфік звярнуўся да прысутных з прамовай.

Францішак назваў сустрэчу магчымасцю для пацвярджэння гатоўнасці працаваць на карысць міру і справядлівасці, а таксама годнасці кожнага чалавека. Не толькі ў М’янме, але і ва ўсім свеце людзі маюць патрэбу ў гэтым супольным сведчанні рэлігійных лідэраў, перакананы Папа. Ён ўзгадаў пра несправядлівасць і канфлікты, якія ў наш час здаюцца асабліва цяжкімі і заклікаў не трапляць у роспач перад іх абліччам, але ісці “шляхам да аздараўлення, узаемапаразумення і павагі. Шляхам, які грунтуецца на спачуванні і любові”. 

Пантыфік выказаў павагу ўсім грамадзянам М’янмы, якія жывуць паводле рэлігійных традыцый будызма, уласцівых яму каштоўнасцяў цярплівасці, талерантнасці і павагі да жыцця, а таксама духоўнасцю, у якой прысутнічае глыбокая павага да навакольнага асяроддзя. “Як мы ведаем, гэтыя каштоўнасці – фундаментальныя для ўсебаковага развіцця грамадства”, - сказаў ён.

Папа пажадаў, каб паміж рэлігійнымі лідэрамі існавала большае супрацоўніцтва ў сферы “аздараўлення ранаў” грамадства М’янмы і запэўніў будысцкіх манахаў у тым, што Каталіцкі Касцёл з’яўляецца адкрытым для падобнага ўзаемадзеяння партнёрам. 


29/11/2017 14:05