2017-11-29 11:09:00

Францішак да бірманцаў: любоў Хрыста – гэта “духоўны GPS”


Папа перасцярог бірманскіх вернікаў ад гневу і помсты – гэта не шлях Езуса, падкрэсліў ён 29 лістапада 2017 г. падчас св. Імшы ў Янгоне. Літургія прайшла  на лацінскай і англійскай мовах, з фрагментамі па-бірманску.

Францішак спаслаўся на чытанне з Кнігі прарока Даніэля і адзначыў неабходнасць пазнання Божай мудрасці, якая вядзе да разумення Яго таямніцы. Ён нагадаў, што Езус вучыў сваёй мудрасці не праз доўгія прамовы і не праз дэманстрацыю палітычнай улады, але ахвяруючы жыццём на крыжы. Пантыфік перасцярог католікаў М’янмы ад спакусы сваёй уласнай мудрасці, што вядзе да страты сэнсу жыцця. “На крыжы мы бачым мудрасць, якая можа кіраваць нашым жыццём праз святло, якое зыходзіць ад Бога”, - падкрэсліў ён, дадаўшы, што з крыжа прыходзіць аздараўленне, неабходнае столькім людзям у М’янме, якія носяць раны насілля, як бачныя, так і нябачныя. 

Праз дар Святога Духа Езус дае здольнасць кожнаму быць прыкметай Яго мудрасці, якая перамагае над мудрасцю гэтага свету, і Яго міласэрнасці, якая залечвае нават самыя балючыя раны. Папа заклікаў праз Эўхарыстыю знаходзіць адпачынак у “ранах Езуса” і сілы, каб несці Бога іншым.

Святы Айцец падзякаваў Касцёлу ў М’янме за дапамогу найбольш патрабуючым. “Нягледзячы на вялікую беднасць і цяжкасці, католікі нясуць практычную дапамогу і сведчаць салідарнасць бедным і пакутуючым”, - адзначыў ён.

Францішак заклікаў бірманскіх католікаў “сеяць зерне аздараўлення і прымірэння” ў сем’ях, супольнасцях і грамадстве. “Вестка Езуса аб прабачэнні і міласэрнасці выкарыстоўвае логіку, якую не кожны хоча зразумець”, - сказаў ён і заклікаў, каб любоў Хрыста, выяўленая на крыжы, стала “духоўным GPS”, які безадмоўна прывядзе да ўнутранага жыцця Бога і сэрца бліжняга.








All the contents on this site are copyrighted ©.