2017-11-30 11:30:00

Святы Айцец пачаў візіт у Бангладэш


Францішак прыбыў у Бангладэш. Раніцай 30 лістапада 2017 г. самалёт мясцовай авіякампаніі “BIMAN” з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Дакі. Пералёт з сталіцы М’янмы, горада Янгон, працягваўся каля двух з паловай гадзін. За гэты час у паветры было пераадолена 1083 кіламетры.

У аэрапорце Святога Айца сустракаў Прэзідэнт Бангладэш Абдул Хамід, прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў, дыпламаты, каталіцкія вернікі і дзеці, якія віталі Папу традыцыйнымі танцамі. Хлопчык і дзяўчынка ў народных строях паднеслі Францішку кветкі і вазу з зямлёй, якую ён благаславіў. 

Пасля афіцыйнай прывітальнай цырымоніі Пантыфік здзейсніў візіт у Нацыянальны мемарыял мучанікаў, пабудаваны ў памяць аб бангладэшцах, якія ахвяравалі жыццём у барацьбе за незалежнасць краіны. Тут ён усклаў вянок з кветак, пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей і пасадзіў дрэва ў Садзе міру, які знаходзіцца побач.

Наступным пунктам візіту Францішка ў Даку стала наведванне Мемарыяльнага музея Бангабанду – Муджыбура Рахмана, першага Прэзідэнта Бангладэш. Музей знаходзіцца на месцы, дзе падчас вайны за незалежнасць краіны, 15 жніўня 1971 г. быў расстраляны гэты палітык, разам з усімі членамі сваёй сям’і, аб чым нагадваюць сляды ад куляў на сценах, што захаваліся да сённяшняга дня. Папа ўшанаваў месца смерці Муджыбура Рахмана і правёў тут некалькі хвілін у малітве.

Затым Святы Айцец наківаўся ў Прэзідэнцкі палац, каб сустрэцца з палітычным кіраўніцтвам дзяржавы і звярнуўся з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.








All the contents on this site are copyrighted ©.