2017-12-01 12:00:00

Пантыфік удзяліў святарскія пасвячэнні 16 бангладэшцам


Святы Айцец 1 снежня 2017 г. узначаліў у Даке св. Імшу з удзелам каля 100 тыс. чалавек, адной чацвёртай усіх католікаў краіны. Падчас Эўхарыстыі ён выкарыстоўваў лацінскую, бенгальскую і англійскую мовы і ўдзяліў 16 дыяканам святарскія пасвячэнні.

У сваёй гаміліі Святы Айцец нагадаў, што новыя святары будуць выконваць служэнне навучання і пастырства, каб дапамагаць народу Божаму і супрацоўнічаць у будаванні Касцёла. У лучнасці з біскупамі яны будуць абвяшчаць Евангелле і праслаўляць Бога, у першую чаргу, праз Аахвяру Хрыста. Звяртаючыся да будучых святароў, Францішак заклікаў іх прапаведаваць слова Божае і разважаць яго, каб іх навучанне і святасць жыцця сталі крыніцай радасці для паслядоўнікаў Хрыста.

Папа падкрэсліў важнасць святых таямніц, у якіх маладыя святары будуць прымаць удзел, і запрасіў іх разам з Хрыстом крочыць у навізне жыцця. Цэлебруючы сакрамэнты, яны павінны памятаць, што былі ўзяты з народа і прызначаны для яго, каб дапамагаць людзям у шуканні Бога. Францішак таксама заклікаў святароў, каб клапаціліся пра адзінства з сваімі біскупамі і былі паслухмяныя ім, каб былі будаўнікамі адзінства народа Божага. 

Затым Святы Айцец звярнуўся ў імправізаваных словах да вернікаў і падзякаваў ім за намаганні доўгага падарожжа, каб прыняць удзел “у гэтым вялікім свяце Бога, якім з’яўляюцца пасвячэнні братоў новых святароў”. Ён адзначыў, што гэта сведчыць пра іх любоў да Касцёла, і заклікаў мясцовых католікаў жыць духам благаслаўленняў і трывалай малітвы за сваіх святароў, асабліва маладых.

Трэба нагадаць, што Ян Павел ІІ 19 лістапада 1986 г. падчас свайго візіту ў Бангладэш таксама ўдзяліў святарскія пасвячэнні 18 дыяканам.








All the contents on this site are copyrighted ©.