2017-12-01 13:42:00

Францішак заклікаў біскупаў Бангладэш памятаць пра бедных


“Імкнецеся заўсёды будаваць масты і развіваць дыялог, таму што гэтыя намаганні не толькі палягчаюць зносіны паміж рознымі рэлігійнымі групамі, але і абуджаюць духоўную энергію, неабходную для справы будавання народу ў адзінстве, справядлівасці і міры”, - заклікаў Францішак біскупаў Бангладэш 1 снежня 2017 г. у Даке, падчас сустрэчы з імі ў рамках падарожжа ў азіяцкую краіну. Папа падкрэсліў, што бенгальскія католікі могуць ганарыцца сваім служэннем бедным, асабліва ў найбольш аддаленых раёнах і племянных супольнасцях, праз сваё адукацыйнае, медыцынскае і дабрачыннае апостальства.

Ён заклікаў іерархаў да больш сціслых зносін з святарамі і законнікамі, якія робяць важны ўклад у каталіцкае жыццё краіне, і папрасіў іх дэманстраваць блізкасць да вернікаў. “Распазнавайце і цаніце харызматы свецкіх вернікаў, мужчын і жанчын, і запрашайце іх уносіць свае дары ў служэнне Касцёлу і грамадству”, - сказаў Папа, звяртаючы асаблівую ўвагу на ролю катэхетаў.

Спасылаючыся на наступны Сінод Біскупаў на тэму моладзі, Францішак заклікаў бенгальскую іерархію падумаць аб тым, як зрабіць маладых людзей большымі “саўдзельнікамі радасці, ісціны і прыгажосці нашай веры”, каб Бангладэш быў благаслаўлёны пакліканнямі да святарства і манаскага жыцця.

Пантыфік звярнуў увагу на значную сацыяльную актыўнасць Касцёла ў азіяцкай краіне, асабліва ў адносінах да сем’яў і падтрымкі жанчын. “Народ гэтай краіны вядомы сваёй любоўю да сям’і, сваёй гасціннасцю, павагай, пашанай да бацькоў, бабуль і дзядуляў і доглядам за пажылымі, хворымі і ўразлівымі”, - адзначыў Святы Айцец, і заклікаў працягваць рабіць гэта.

Папа звярнуў асаблівую ўвагу на частку душпастырскай праграмы Касцёла ў Бангладэш, прысвечаную бедным, і падкрэсліў, што каталіцкая супольнасць у краіне можа ганарыцца сваёй гісторыяй служэння найбольш патрабуючым. Ён заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на крызіс бежанцаў.

Францішак указаў на важнасць міжрэлігійнага і экуменічнага дыялогу ў Бангладэш. Ён з задавальненнем адзначыў прыхільнасць мясцовага Касцёла развіццю міжрэлігійнага ўзаемаразумення шляхам правядзення семінараў і адукацыйных праграм, а таксама пашырэнню асабістых кантактаў, якія спрыяюць умацаванню добрай волі і згоды.

Папа нагадаў, што, калі рэлігійныя лідэры публічна гавораць адным голасам супраць насілля, якое выкарыстоўвае рэлігію, і імкнуцца змяніць культуру канфлікту на культуру сустрэчы, узыходзяць да самых глыбокіх духоўных каранёў розных традыцый і робяць неацэнны ўнёсак у будучыню сваіх краін і свету.

Святы Айцец выказаў радасць, што Апостальскае падарожжа, якое прывяло яго ў Бангладэш, дазволіла яму адчуць жыццяздольнасць і місійнасць Касцёла. “Прадстаўляючы Пану радасці і цяжкасці вашых мясцовых супольнасцяў, памолімся разам за новае выліванне Святога Духа, Які дасць нам мужнасць абвяшчаць навізну Евангелля смела, гучна, ва ўсе часы і паўсюль, таксама і супраць плыні”, - заклікаў Папа, спасылаючыся на словы сваёй адгартацыі “Evangelii Gaudium”.

Раней Францішак наведаў катэдральны касцёл у Даке, куды прыбыў з Апостальскай нунцыятуры, дзе сустрэўся з прэм’ер-міністрам Бангладэш Шэйх Хасіна, дачкой першага Прэзідэнта краіны Шэйха Муджыбура Рахмана.








All the contents on this site are copyrighted ©.