2017-12-02 10:26:00

Пантыфік наведаў Дом Маці Тэрэзы ў сталіцы Бангладэш


Першым пунктам апошняга дня прабывання Францішка ў Бангладэш стаў прыватны візіт у Дом Маці Тэрэзы ў горадзе Дака. У гэтай дабрачыннай структуры атрымліваюць дапамогу тысячы сіротаў і людзей з псіхічнымі і фізічнымі хваробамі. Яна была заснавана ў 1976 г. і з’яўляецца самым маленькім у бангладэшскай сталіцы дабрачынным цэнтрам, у якім працуюць законніцы з кангрэгацыі Місіянерак Божай Любові. У гэтым месцы заўсёды спынялася Маці Тэрэза падчас сваіх візітаў у Даку.

Пантыфік пажадаў асабіста прывітаць прысутных тут асобаў. У суправаджэнні кіраўніцтва структуры і некалькіх дзяцей, якія трымалі яго за рукі, ён прайшоў у пакой, дзе яго чакала група сіротаў, хворых і пажылых людзей. Папа схіляўся над імі і ўдзяляў благаслаўленне. Адна з прысутных на сустрэчы жанчын у інвалідным вазку была сведкай візіту сюды св. Яна Паўла ІІ у 1986 г. У дворыку перад сацыяльным цэнтрам Пантыфіка вітаў спевамі дзіцячы хор у традыцыйных строях. 

Візіт не прадугледжваў афіцыйных прамоваў. Францішак падзякаваў законніцам за ахвярнае служэнне на карысць патрабуючых, а ў якасці дару ўрычыў ім намаляваны партрэт Маці Тэрэзы з Калькуты. Затым ён накіраваўся ў мясцовую катэдру – касцёл Святога Ружанца, каб сустрэцца з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.