2017-12-02 13:47:00

Папа да моладзі: не закрывайцеся ў “маленькім свеце”


Кульмінацыйным момантам падарожжа папы Францішка ў Бангладэш стала сустрэча з моладдзю. Яна адбылася 2 снежня 2017 г. на тэрыторыі перад каледжам імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дацы. Паслухаць Пантыфіка тут сабраліся каля 7 тыс. чалавек. Сярод іх былі не толькі маладыя католікі, але таксама вызнаўцы іслама і іншых рэлігій. Яны віталі Папу апладысментамі, спевамі і традыцыйнымі танцамі. 

Звяртаючыся да моладзі Францішак прызнаўся, што ў гэтым асяроддзі адчувае сябе памаладзеўшым. “Заклікаю вас ісці наперад і не губляць энтузіязма, як у добрых, так і кепскіх сітуацыях. Крочце наперад, асабліва ў тыя хвіліны, калі адчуваеце сябе прыгнечанымі праблемамі і смуткам, і калі, гледзячы наперад, здаецца, што Бога нябачна на гарызонце”, - параіў юнакам і дзяўчатам Папа.

Паводле яго слоў, каб рушыць наперад важна быць упэўненым, што ідзеш правільным шляхам і не блукаеш без мэты. Таму неабходна “абнавіць праграмнае забеспячэнне”, якое знаходзіцца ўнутры кожнага з нас і “дапамагае распазнаваць Божую задуму і адказваць на яе ў свабодзе”. “Трымайце заўсёды абноўленым ваша “праграмнае забеспячэнне”, слухаючы Пана і прымаючы на сябе выклік спаўнення Ягонай волі”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што толькі мудрасць дапамагае трымацца правільнага шляху ў жыцці. Гаворка, аднак, ідзе пра “мудрасць, што нараджаецца з веры”, а не “фальшывую мудрасць гэтага свету”. “Гэта мудрасць дапамагае нам распазнаваць і адхіляць фальшывыя абяцанні шчасця”, - сказаў Папа і дадаў, што культура, “якая робіць фальшывыя абяцанні не вызваляе, а вядзе толькі да эгаізма, што напаўняе сэрца цемрай і горычу”.

Пантыфік папярэдзіў таксама аб недапушчальнасці закрытасці ў сваім маленькім свеце і празмернай засяроджанасці на сябе. “Калі народ, рэлігія ці грамадства становяцца “маленькім светам”, губляюць лепшае з таго, што маюць  і паддаюцца высакамернаму мысленню, паводле якога “я добры, а ты – дрэнны”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў моладзь адкрыцца на іншых людзей, асабліва на вызнаўцаў іншых рэлігій. “Знаходзячыся тут разам вы паказваеце вашу гатоўнасць спрыяць атмасферы гармоніі, у якой працягваеш руку іншаму нягледзячы на рэлігійныя адметнасці”, - падкрэсліў Францішак звяртаючы ўвагу на прысутнасць падчас сустрэчы прадстаўнікоў розных веравызнанняў.

Даючы парады моладзі Пантыфік па традыцыі заклікаў паважаць пажылых людзей, таму што яны нясуць памяць і мудрасць, угрунтаваную да досведзе, што дапамагае пазбягаць памылак мінулага. “Размаўляйце з вашымі бацькамі і старымі, не праводзьце цэлыя дні ў мабільніках, ігнаруючы свет, які існуе вакол вас!”, - заклікаў бангладэшскую моладзь Папа.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец благаславіў вуглавы камень будучага новага будынку Бангладэшскага каталіцкага ўніверсітэта імя Найсвяцейшай Панны Марыі і адмысловую памятную табліцу. Гэта навучальная ўстанова была заснавана ў 2013 г. Кіраванне ёй ажыцяўляюць законнікі з кангрэгацыі Святога Крыжа.








All the contents on this site are copyrighted ©.