2017-12-05 15:51:00

Моладзь зможа асвоіць “15 прынцыпаў лідэрства Францішка”


Будучыя лідэры свету бізнесу, культуры, спорту, навукі і некамерцыйных арганізацый маюць магчымасць атрымаць унікальныя навыкі і кантакты дзякуючы ўдзелу ў майстар-класах “15 прынцыпаў лідэрства Францішка”,  арганізаваных польскім Фондам нацыянальнай творчасці (CTN) і Папскай радай па культуры. 16 студзеня 2018 г. у Варшаве пройдзе прэзентацыя праекту. Ганаровы патранат над ім узяў арцыбіскуп Варшаўскі, кардынал Казімеж Ныч.

Першы майстар-клас адбыўся ў 2015 г. пад назвай “Мысленне будучыняй і вяртанне да каштоўнасцяў”. Да гэтага часу ўдзел у пілотных сустрэчах прынялі каля 400 прадпрымальнікаў. У 2016 г. было падпісана пагадненне паміж Фондам і Папскай радай па арганізацыі майстар-класаў у якасці глабальнай праграмы, мэтай якой з’яўляецца развіццё лідэрскіх кампетэнцый маладых людзей на аснове агульначалавечых каштоўнасцяў і прадастаўленне практычных ведаў аўтарытэтамі з свету бізнесу, культуры, навукі, спорту з розных краін свету. У чэрвені 2018 г. плануецца міжнародная сустрэча арганізатараў і ўдзельнікаў праекту з папам Францішкам у Рыме.

Паводле дадзеных даследавання, праведзенага ў 24 краінах, Францішак быў названы самым аўтэнтычным лідэрам у свеце. Незалежна ад поглядаў, веравызнання і паходжання, 74% рэспандэнтаў абралі Пантыфіка. Адсюль ідэя, каб менавіта ён стаў “тварам” праграмы, здольнай аб’яднаць розных лідэраў з розных краін.

У адным з сваіх выступленняў перад супрацоўнікамі Рымскай курыі, Францішак паказаў на 15 хвароб, з якімі сутыкаюцца сучасныя кіраўнікі. Сярод іх былі пыха, нецярпімасць, блізарукасць і дробязнасць. Натхнёны гэтымі словамі Гэры Хамэл, адзін з вядучых аўтарытэтаў у галіне лідэрства, сфармуляваў “15 прынцыпаў лідэрства паводле Францішка”, падкрэсліўшы, што хоць словы былі скіраваны да духавенства, яны могуць быць выдатнымі правіламі для ўсіх, незалежна ад рэлігіі, нацыянальнасці, узросту ці прафесіі.

На працягу наступных трох гадоў Фонд плануе правесці бясплатныя заняткі для мільёна маладых людзей з усяго свету, прапануючы ім інструменты і практычныя парады, якія дапамогуць развіць лідэрскія навыкі. Майстар-класамі зоймуцца 25 нацыянальных каардынатараў з Еўропы і ЗША. Таксама плануецца стварыць он-лайн платформу.








All the contents on this site are copyrighted ©.