cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Дакументы і звароты

Пантыфік да Папскіх акадэмій: прамаўляць да сэрца моладзі

Пантыфік да Папскіх акадэмій: прамаўляць да сэрца моладзі - AFP

06/12/2017 09:51

Пра здольнасць прамаўляць да сэрца моладзі і чэрпаць мудрасць з багатай лацінскай традыцыі, каб вучыць яе жыццю, заклікаў папа Францішак 5 верасня 2017 г. удзельнікаў ХХІІ Урачыстага публічнага пасяджэння Каардынацыйнай рады Папскіх акадэмій. Падобныя сустрэчы адбываюцца ў Ватыкане штогадова з 1995 г. 

Па традыцыі, падчас пасяджэнняў Рады, адна з Папскіх акадэмій уручае прэміі за дасягненні ў той сферы навукі, у якой яна спецыялізуецца. Сёлета гэта рабіла Папская акадэмія лацінскай мовы, заснаваная ў 2012 г. Бэнэдыктам XVI. Лаўрэаты з Францыі, Італіі, Бельгіі і Іспаніі атрымалі свае ўзнагароды з рук кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці.

У сваім пасланні да ўдзельнікаў падзеі Францішак спаслаўся на тэму сустрэчы, якая сёлета была прысвечана ўнутранаму свету чалавека ў святле лацінскай традыцыі. Папа падкрэсліў, што зварот да духоўнасці, сэрца, сумлення і тоеснасці прысутнічае ў розных культурах і рэлігійных традыцыях і з’яўляецца вельмі важным у наш час, які часта характарызуецца павярхоўнасцю і адсутнасцю адзінства паміж сэрцам і розумам, унутраным і знешнім светам чалавека, сумленнем і паводзінамі.

Пантыфік узгадаў, што да падобных разважанняў звярталіся многія Айцы Касцёла і лацінскія аўтары, у прыватнасці св. Аўгустын, які, каментуючы Евангелле св. Яна, заклікаў увайсці ў глыбіню сэрца, каб убачыць, што там жыве Хрыстус, у якім чалавек можа распазнаць свайго Стварыцеля.

Гэтаму закліку, па словах Святога Айца, неабходна следаваць самастойна, а таксама дзяліцца ім з тымі, з кім падзяляем наш зямны шлях, “асабліва з моладдзю, якая пачынае вялікае жыццёвае падарожжа і часта трапляе ў лабірынты павярхоўнасці, знешняга поспеху, за якім хаваецца ўнутраная пустата, крывадушнасць, што маскіруе раскол паміж ілюзіяй і сэрцам, паміж прыгожым і дагледжаным целам і пустой і чэрствай душой”.

“Будзьце здольнымі прамаўляць да сэрца моладзі, будзьце здольнымі раскрыць патэнцыял найбагацейшай спадчыны лацінскай традыцыі, каб вучыць яе жыццёваму шляху і спадарожнічаць на сцежках, багатых надзеяй і даверам, чэрпаючы з досведу і мудрасці тых, хто меў радасць і адвагу “ўвайсці ў саміх сябе”, каб жыць уласнай тоеснасцю і чалавечым пакліканнем”, - заклікаў акадэмікаў Святы Айцец і пажадаў ім плённых навуковых даследаванняў.


06/12/2017 09:51