cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Папа падвёў вынікі свайго “азіяцкага” падарожжа

Папа падвёў вынікі свайго “азіяцкага” падарожжа - AP

06/12/2017 12:56

6 снежня 2017 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане папа Францішак падвёў вынікі свайго Апостальскага падарожжа ў М’янму і Бангладэш, якое праходзіла з 26 лістапада па 2 снежня. Ён выказаў удзячнасць уладам, епіскапатам і жыхарам абедзьвюх краін за аказаную яму гасціннасць і падзяліўся ўражаннямі ад пілігрымкі. 

Папа заўважыў, што Наступнік св. Пятра ўпершыню ў гісторыі наведаў М’янму. У гэтай азіяцкай краіне ён жадаў пераказаць “блізкасць Хрыста і Касцёла народу, які пакутаваў па прычыне канфліктаў і рэпрэсій”, а зараз павольна ідзе да свабоды і міру. Пантыфік нагадаў, што большасць насельніцтва М’янмы вызнае будызм, а каталіцкая супольнасць з’яўляецца тут “маленькім статкам і закваскай Божага Валадарства”. 

Узгадаваючы пра асноўныя этапы візіту ў краіну, Францішак распавёў пра Эўхарыстыю, якую цэлебраваў у Янгоне, і падчас якой казаў пра важнасць вытрываласці хрысціян перад абліччам ганенняў. “У поўных радасці абліччах моладзі я бачыў будучыню Азіі: будучыню, якая будзе належаць не тым, хто стварае зброю, а тым, хто сее братэрства”, - падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што падчас візіту ён благаславіў вуглавыя камяні для шаснаццаці касцёлаў, будынку семінарыі і нунцыятуры ў М’янме.

“Акрамя каталіцкай супольнасці, я меў магчымасць сустрэцца з уладамі М’янмы, падтрымаўшы намаганні на карысць прымірэння ў краіне і пажадаўшы, каб усе часткі народу, не выключаючы нікога, маглі супрацоўнічаць у гэтым працэсе з узаемнай павагай. У тым жа духу я пажадаў сустрэць прадстаўнікоў розных рэлігійных супольнасцяў, прысутных у краіне. У прыватнасці, Вышэйшаму камітэту будысцкіх манахаў я выказаў павагу Касцёла да іх старажытнай духоўнай традыцыі і спадзяванне на тое, што хрысціяне і будысты могуць разам дапамагаць людзям любіць Бога і бліжняга, выракаючыся насілля і перамагаючы зло дабром”, - сказаў Францішак. 

Распавядаючы пра візіт у Бангладэш, Папа заўважыў, што большасць насельніцтва гэтай краіны з’яўляецца мусульманамі. “Такім чынам мой візіт – слядамі бл. Паўла VI і св. Яна Паўла ІІ – стаў чарговым крокам на карысць павагі і дыялогу паміж хрысціянствам і ісламам”, - падкрэсліў ён.

“Уладам краіны я нагадаў, што Апостальская Сталіца ад самага пачатку падтрымала жаданне бенгальскага народа развівацца ў рамках незалежнай дзяржавы, а таксама патрабаванне абароны рэлігійнай свабоды. У прыватнасці, я хацеў выказаць салідарнасць Бангладэш за аказанне дапамогі бежанцам-рахінджа, якія масава прыбылі на яго тэрыторыю, дзе плотнасць насельніцтва і так з’яўляецца адной з самых высокіх у свеце”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак распавёў, што ў сталіцы Бангладэш, горадзе Дака, ён удзяліў прэзбітэрскае пасвяччэне шаснаццаці дыяканам, што стала “адной з самых значных і радасных падзей падчас падарожжа”. Папа выказаў сваю задаволенасць вялікай колькасцю пакліканняў у паўднёваазіяцкім рэгіёне. Ён падзяліўся гэтай радасцю з мясцовымі біскупамі і заклікаў іх працягваць працаваць на карысць сем’яў, бедных, адукацыі, дыялогу і грамадскага міру.

“У горадзе Дака мы перажылі яскравы момант міжрэлігійнага і экуменічнага дыялогу, які даў мне магчымасць падкрэсліць адкрытасць сэрца, як фундамент культуры сустрэчы, гармоніі і міра. Акрамя таго, я наведаў “Дом Маці Тэрэзы”, у якім святая спынялася, калі наведвала гэты горад, і ў якім атрымліваюць дапамогу шматлікія сіроты і людзі з інваліднасцю. Тут, згодна з сваім харызматам, законніцы жывуць штодзённай малітвай адарацыі і служэннем беднаму і пакутуючаму Хрысту. І ніколі з іх вуснаў не знікае ўсмешка! Гэта законніцы, якія шмат моляцца, служаць пакутуючым і заўсёды ўсміхаюцца. Гэта цудоўнае сведчанне! Шчыра дзякую гэтым законніцам!”, - сказаў Папа.

Як і падчас папскага візіту ў М’янму, кульмінацыяй падарожжа ў Бангладэш стала сустрэча з моладдзю. Францішак прызнаўся, што яму вельмі спадабаліся традыцыйныя спевы і танцы, якімі віталі яго юнакі і дзяўчаты, а таксама той факт, што на сустрэчы прысутнічалі вызнаўцы іслама і іншых рэлігій, што, паводле яго слоў, з’яўляецца знакам надзеі для Бангладэш, Азіі і ўсяго свету.

У завяршэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў прысутным у ватыканскім Зале Паўла VI, што 6 снежня ў Касцёле адзначаецца ўспамін св. Мікалая. Ён пажадаў браць прыклад з біскупа ў яго пошуках Божай любові і дапамогі бліжнім.


06/12/2017 12:56