2017-12-06 10:41:00

Францішак просіць захаваць актуальны статус Іерусаліма


Святы Айцец выступіў са зваротам, у якім заклікаў захаваць актуальны статус Іерусаліма. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 6 снежня 2017 г., ён прызнаўся, што не можа хаваць сваёй “глыбокай заклапочанасці” сітуацыяй, якая ўзнікла цягам апошніх дзён, і скіраваў настойлівы заклік да ўсіх, прыкласці намаганні дзеля захавання “status quo” горада, у адпаведнасці з адмысловымі рэзалюцыямі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

“Іерусалім – гэта адзіны горад, святы для юдэяў, хрысціян і мусульман, якія ўшаноўваюць тут святыя для сваіх рэлігій месцы; ён мае асаблівае пакліканне ў справе міру. Прашу Пана, каб гэта тоеснасць была захавана і ўмацавана на карысць Святой Зямлі, Блізкага Усходу і ўсяго свету, каб узяла верх мудрасць і асцярожнасць для недапушчэння ўзнікнення новых элементаў напружанасці ў сусветнай панараме, ужо неспакойнай і пазначанай шматлікімі і жорсткімі канфліктамі”, - сказаў Пантыфік.

Сітуацыя вакол далікатнага пытання статусу Іерусаліма абвастрылася пасля заявы прадстаўнікоў Белага дома аб гатоўнасці Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прызнаць гэты горад сталіцай Ізраіля і перанесці сюды амерыканскае пасольства, якое дагэтуль знаходзіцца ў Тэль-Авіве. Рашэнне павінна быць абвешчана на працягу бліжэйшых гадзін.








All the contents on this site are copyrighted ©.