2017-12-06 12:24:00

Папа падзякаваў Касцёлу ў Польшчы за дапамогу суседзям


Папа даверыў Богу правядзенне Дня малітваў і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе, які пройдзе ў Польшчы ў бліжэйшую нядзелю, 10 снежня 2017 г., ужо ў 18-ы раз. 6 снежня 2017 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, звяртаючыся да польскіх пілігрымаў, Францішак падзякаваў “за гатоўнасць падтрымаць вернікаў і душпастыраў у суседніх краінах”.

У ІІ Нядзелю Адвэнту, па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Польшчы ў Касцёле гэтай краіны будзе адзначацца ХVIII Дзень малітваў і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе. Епіскапатамі Беларусі, Украіны і Расіі ІІ Нядзеля Адвэнту абвешчана Днём удзячнасці тым, хто дапамагае ў адраджэнні Касцёла за ўсходняй мяжой Польшчы. Мэта Дня – наданне ўвагі Каталіцкаму Касцёлу, які адраджаецца, а таксама падтрымка ініцыятыў, што прадпрымаюцца на карысць евангелізацыі.

Як паведамілі ў Аддзеле дапамогі Касцёлу на Усходзе, структуры польскага епіскапату, якая займаецца размеркаваннем сродкаў, дзякуючы шчодрасці польскіх вернікаў і мецэнатаў, у 2017 г. у 14 краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі было рэалізавана 360 праектаў на агульную суму 2,25 мільёнаў злотых – больш за паўмільёна еўра. Самую значную дапамогу атрымала Україна – больш 1 мільён злотых, затым ідуць: Беларусь – каля 388 тыс.; Расія – 228 тыс.; Казахстан – 133 тыс. Сярод буйных праектаў, пачатых у 2017 г., называецца набыццё зямлі і маёмасці для Дома пажылых людзей у Сапоцкіне ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Адным з самых каштоўных дароў Касцёла ў Польшчы з’яўляюцца душпастыры. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва польскага епіскапату, у цяперашні час ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі працуюць 250 дыяцэзіяльных святароў, 320 законнікаў і 350 законніц з гэтай краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.