cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Пераемніца Маці Тэрэзы наведае беларускі Гомель

Пераемніца Маці Тэрэзы наведае беларускі Гомель - REUTERS

07/12/2017 12:05

Генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі місіянерак любові – манаскай супольнасці, заснаванай св. Маці Тэрэзай з Калькуты – наведае беларускі Гомель 11-12 снежня 2017 г. Сястра Марыя Прэма Перык, якая ўзначальвае кангрэгацыю з 2009 г., упершыню прыедзе ў Беларусь. Яна візітуе 17 дамоў, размешчаных у Расіі, Беларусі і Літве. 64-гадовая немка – трэцяя генеральная настаяцельніца пасля св. Маці Тэрэзы і сястры Нірмалы Джошы з Індыі.

У Гомелі сястра Прэма прабудзе паўтара дні, распавяла Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старэйшая сястра гомельскай супольнасці Рамана Марыя Корч. “Сястра прыязджае, каб пабыць разам з намі, каб паглядзець, што мы тут робім, і проста пазнаёміцца. Дзве з нашых законніц яшчэ ніколі не сустракаліся з генеральнай маці. Гэтыя дні разам з ёй будзем праводзіць толькі ў нашым доме, для экскурсій па горадзе не будзе магчымасці. Маці прыязджае, каб удзяліць кожнай з нас час”, - адзначыла манахіня.

У гомельскім Доме міласэрнасці – адзіным у Беларусі месцы знаходжання сясцёр Маці Тэрэзы – ужо больш за 20 гадоў служаць пяць-шэсць законніц з розных краін свету: Індыі, Польшчы, Філіпін. Тут кормяць і лечаць бедных і бяздомных, дапамагаюць праблемным і шматдзетным сем’ям. У апошні раз генеральная настаяцельніца ордэна, тады сястра Нірмала, прыязджала ў Гомель у 2000 годзе.

Кангрэгацыі місіянерак любові была заснавана Маці Тэрэзай ў 1948 г. у індыйскай Калькуце. Мэтай стала дабрачынная дзейнасць сярод абяздоленых жыхароў Калькуты, незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці. Законніцы складаюць чатыры абеты: паслушэнства, міласэрнасці, беднасці і служэння найбяднейшым з бедных. Паводле статуту, напісанаму Маці Тэрэзай, яны павінны жыць, падобна іх падапечным, у дасканалай беднасці.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.


07/12/2017 12:05