2017-12-07 14:52:00

Пантыфік: ёлка і яслі прамаўляюць да нас сімвалічнай мовай


“Кожны год яслі і святочнае дрэва прамаўляюць да нас сваёй сімвалічнай мовай” і з’яўляюцца “знакамі спагады Нябеснага Айца, Яго клопату і блізкасці да чалавецтва”, адзначыў Папа падчас сустрэчы з дэлегацыямі з італьянскага рэгіёна Кампанія і польскага горада Элка, адкуль былі дастаўлены адпаведна яслі і ёлка, а таксама з групай дзяцей, якія стварылі ёлачныя аздабленні. Аўдыенцыя прайшла раніцай 7 снежня 2017 г., перад урачыстай інаўгурацыяй сімвалаў Божага Нараджэння на галоўнай ватыканскай плошчы.

Спасылаючыся на словы апостала Паўла, Францішак падкрэсліў, што “дрэва, якое цягнецца ўвышыню, падштурхоўвае нас узняцца “над туманам, які нас агарняе, каб пазнаць, наколькі цудоўна і радасна заглыбіцца ў Хрыстовае святло”. “У прастаце ясляў мы сустрэкаем і сузіраем ласкавасць Бога, якая аб’явілася ў Дзяіцятку Езусе”, - дадаў ён.

Звяртаючы да прысутных на аўдыенцыі больш чым 4 тыс. дзяцей, Папа падзякаваў за створаныя імі ёлачныя аздабленні, якія на плошчы св. Пятра змогуць убачыць пілігрымы і турысты з розных частак свету. Пантыфік пажадаў, каб Божае Нараджэнне стала нагодай для большай увагі да патрэбаў бедных і пакінутых людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.