2017-12-09 13:01:00

У Ватыкане занепакоены рашэннем адміністрацыі ЗША


Сваю заклапочанасць з нагоды магчымых наступстваў прызнання Дональдам Трампам Іерусаліма ў якасці адзінай сталіцы Дзяржавы Ізраіль выказаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы. У інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму тэлебачанню “TV2000” кардынал Пьетра Паралін сказаў, што на яго думку, “сітуацыя выклікае трывогу”.

“Мы спадзяемся, што не пачнецца працэс, які прывядзе да напружанасці і насілля”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка. “Будзем спадзявацца, што мудрасць і асцярожнасць возьмуць верх, да чаго заклікаў Папа ў сваім звароце. Несумненна, гэта рашэнне вельмі ўскладніла сітуацыю”, - дадаў кардынал Дзяржсакратар.

Сваю заклапочанасць з нагоды наступстваў рашэння адміністрацыі ЗША выказаў таксама адміністратар Лацінскага Патрыярхату, арцыбіскуп П’ербаціста Піцабала. У заяве італьянскага агенцтва “ANSA” ён заявіў аб сваёй перакананасці ў тым, што Іерусалім “можа быць сімвалам двух народаў”, палестынскага і ізраільскага. Ініцыятыва Трампа, на яго думку, “павялічыць нянавісць, насілле і пакуты, як у Іерусаліме, так і па ўсёй Святой Зямлі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.