2017-12-10 13:36:00

Святы Пасад выказаў заклапочанасць сітуацыяй у Святой Зямлі


“Апостальская Сталіца з вялікай увагай сочыць за развіццём падзей на Блізкім Усходзе, з асаблівым акцэнтам на Іерусалім, святы горад для хрысціян, юдэяў і мусульман ва ўсім свеце”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, абнародаваным 10 снежня 2017 г. у Ватыкане. “Выказваючы смутак з нагоды сутыкненняў, якія мелі месца ў апошнія дні і прывялі да ахвяр, Святы Айцец паўтарае свой заклік да ўсіх аб мудрасці і разважлівасці і ў гэты асабліва цяжкі час узносіць гарачыя малітвы за лідэраў народаў, каб змаглі прадухіліць новы віток насілля, засведчыўшы словам і справамі сваё імкненне да міру, справядлівасці і бяспекі народаў гэтай шматпакутнай зямлі”, - напісана ў заяве.

Аўтары нагадваюць, што вышэйагучаныя асцярогі стануць у гэтыя дні тэмай розных ініцыятыў, у тым ліку тэрміновых нарад Лігі арабскіх дзяржаў і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. 

Апостальская Сталіца вельмі адчувальна ставіцца да гэтых праблем і, спасылаючыся на словы папы Францішка, пацвярджае сваю добра вядомую пазіцыю аб “унікальным характары Святога Горада і нязменнасць павагі да яго статус-кво, у адпаведнасці з рэзалюцыямі міжнароднай супольнасці і запытамі іерархій Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў Святой Зямлі”. 

У спецыяльным звароце, Святы Пасад пацвярджае сваю перакананасць у тым, што “толькі мірнае рашэнне паміж ізраільцянамі і палестынцамі прывядзе да стабільнага і трывалага міру і гарантуе мірнае суіснаванне дзвюх дзяржаў у рамках міжнародна прызнаных межаў”.

Трэба нагадаць, што і без таго напружаную сітуацыю пагоршыла рашэнне адміністрацыі ЗША аб прызнанні Іерусаліма ў якасці адзінай сталіцы Дзяржавы Ізраіль.








All the contents on this site are copyrighted ©.