cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Беларусь: у 90 гадоў – кожны дзень на Імшы

Беларусь: у 90 гадоў – кожны дзень на Імшы - RV

11/12/2017 11:11

Аднаму з самых пажылых парафіянаў гомельскага касцёла сёлета споўнілася 90 гадоў. Неверагодна, але ў гэтым ганаровым узросце ён амаль кожны дзень прыходзіць на св. Імшу, дабіраючыся з перасадкамі да святыні.

Мікалай Карлавіч Маркоўскі нарадзіўся ў 1927 г. у Лельчыцах. Усяго ў гэтай веруючай каталіцкай сям’і было 11 дзяцей. Але ў 1930-х гадах бацькоў маленькага Мікалая бальшавікі саслалі на поўнач Расіі, прызнаўшы іх кулакамі, а сам ён застаўся ў сваякоў у суседняй з гарадскім пасёлкам вёсцы. Мясцовыя прадстаўнікі новай улады кідаліся ў дзіцяці знявагамі, называлі яго “кулацкай мордай”, пагражалі забіць, распавядае Мікалай Карлавіч у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Дарэчы, цяпер ён кожны год прыходзіць на Набажэнства ля крыжа на месцы масавых расстрэлаў рэпрэсаваных пад Гомелем.

Усе гэтыя гады, з ранняга дзяцінства, мужчына не пакідаў веру. Калі храмы зачынілі, маліўся дома. Вернік успамінае, як падчас Другой сусветнай вайны, ў перыяд акупацыі фашыстамі, пры дарозе каля вёскі ўсталявалі крыж і мясцовыя жыхары рэгулярна маліліся ля яго. Мікалай Карлавіч упэўнены, што дзякуючы гэтаму вёска засталася цэлая, хоць іншыя населеныя пункты ў акрузе немцы спалілі.

Амаль усё працоўнае жыццё вернік правёў у Светлагорскім раёне, дзе аддаваў сябе простым рабочым спецыяльнасцям. А ўжо будучы пенсіянерам пераехаў у Гомель.

“Бог мяне ратаваў, і падчас вайны, і ўсё жыццё. Прашу ў Бога дапамогі, і Ён заўсёды мне дапамагае, колькі б ні было цяжкасцяў, небяспекаў, розных праблем. Жыццё было цяжкае, але я вельмі ўдзячны Богу за сваё жыццё. Кожны дзень я ўстаю і дзякую Богу за тое, што перажыў ноч, і калі кладуся, дзякую за тое, што перажыў дзень. Маладым хачу сказаць, што без Бога – не можна і да парога. Галоўнае – гэта верыць у Бога. І будзеш сумленны, не будзеш нікога баяцца”, - заклікае гомельскі парафіянін.

Таму Мікалай Карлавіч і імкнецца прыходзіць на св. Імшу кожны дзень. Да таго ж, для здароўя карысна – рухацца, распрацоўваць суставы, адзначае ён. У ганаровага парафіяніна – чацвёра дзяцей, іх таксама часта можна сустрэць у касцёле. Гэта значыць, што галоўнае ў сваім жыцці Мікалай Карлавіч зрабіў – перадаў дзецям веру.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.


11/12/2017 11:11