cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Пераемніца Маці Тэрэзы ў Гомелі: несці святло Хрыста

Пераемніца Маці Тэрэзы ў Гомелі: несці святло Хрыста - RV

12/12/2017 10:33

11-12 снежня 2017 г. Гомель наведвала генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі місіянерак любові, заснаванай св. Маці Тэрэзай з Калькуты. Яна ўпершыню была ў Беларусі. Візіт пачаўся з раратняй св. Імшы і знаёмства з мясцовай парафіяй. 

Як распавяла законніца ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, яе ўразіла Беларусь: “Маім першым уражаннем было тое, што гэта вялікая краіна, я рада, што мы можам служыць тут, што тут нас любяць і добра прымаюць наша служэнне. Як у Расіі, так і ў Беларусі і ва ўсім свеце мы выконваем практычна аднолькавае служэнне, і я бачу, што тут у людзей ёсць жаданне, прага даведацца пра Бога, наблізіцца да Яго, і сёстры дапамагаюць гэта рабіць – больш любіць Бога”.

У Гомелі сястра Прэма прабыла паўтара дні, яна прыязджала, каб пабыць разам з сёстрамі, паглядзець на іх працу. Амаль увесь гэты час генеральная настаяцельніца праводзіла ў Доме міласэрнасці, каб удзяліць час кожнай з законніц, якія служаць тут. Пры ад’ездзе яна пажадала мужнасці сёстрам і папрасіла, каб яны неслі святло Езуса, мелі яго ў сабе і перадавалі ўсім людзям, з якімі сустракаюцца.

Падчас Адвэнту наступніца Маці Тэрэзы здзяйсняе паездкі па ўсіх 17 Дамах міласэрнасці, якія ўваходзяць у правінцыю кангрэгацыі, што ўключае Расію, Беларусь і Літву.

У гомельскім Доме міласэрнасці – адзіным у Беларусі месцы знаходжання сясцёр Маці Тэрэзы – ужо больш за 20 гадоў служаць пяць-шэсць законніц з розных краін свету: Індыі, Польшчы, Філіпін. Тут кормяць і лечаць бедных і бяздомных, дапамагаюць праблемным і шматдзетным сем’ям. У апошні раз генеральная настаяцельніца, тады – сястра Нірмала, прыязджала ў Гомель у 2000 г. 

64-гадовая немка Марыя Прэма Перык – трэцяя настаяцельніца кангрэгацыі пасля св. Маці Тэрэзы і сястры Нірмалы Джошы з Індыі.

Кангрэгацыя місіянерак любові была заснавана Маці Тэрэзай ў 1948 г. у індыйскай Калькуце. Мэтай стала дабрачынная дзейнасць сярод абяздоленых жыхароў Калькуты, незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці. Законніцы складаюць чатыры абеты: паслушэнства, міласэрнасці, беднасці і служэння найбяднейшым з бедных. Паводле статуту, напісанаму Маці Тэрэзай, яны павінны жыць, падобна іх падапечным, у дасканалай беднасці.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.


12/12/2017 10:33