2017-12-12 14:29:00

Пяць гадоў папскаму акаўнту ў “Twitter”


Пяць гадоў таму у інтэрнэце з’явіўся першы папскі “твіт”. З дапамогай электроннага планшэта яго апублікаваў Бэнэдыкт XVI. Адбылося гэта адразу пасля завяршэння агульнай аўдыенцыі 12 снежня 2012 г. “Дарагія сябры, я рады звязацца з вамі праз “Твітэр”. Дзякуй за вашы шчодрыя водгукі. Я благаслаўляю ўсіх вас ад усяго сэрца”, - напісаў Святы Айцец у сваім першым паведамленні.

Францішак стаў выкарыстоўваць папскі акаўнт праз чатыры дні пасля абрання на Пасад св. Пятра. У сваім першым “твіце” ён заклікаў “бараніць Хрыста ў нашым жыцці, клапаціцца пра бліжніх і ахоўваць стварэнне з любоўю”. З таго часу тут было апублікавана больш за 1300 паведамленняў. “Дзякую ўсім вам за тое, што сочыце за @Pontifex, якому сёння спаўняецца пяць гадоў. Няхай сацыяльныя сеткі будуць месцам багатым чалавечнасцю”, - напісаў ён 12 снежня 2017 г.

На папскі акаўнт, які дзейнічае на дзевяці мовах, падпісаны больш за 40 млн. чалавек. Яго самымі папулярнымі моўнымі версіямі з’яўляюцца іспанская і англійская. За паведамленнямі, якія тут з’яўляюцца сочаць па 15,5 млн. карыстальнікаў інтэрнэту. Акрамя таго, існуюць версіі на італьянскай, партугальскай, французскай, нямецкай, польскай, арабскай і лацінскай мовах.

“Папа ўсведамляе, што з’яўляецца евангелізатарам, першым місіянерам у свеце. Такім чынам для яго ўсе прылады, якія могуць несці яго евангелізуючае слова – слушныя”, - падкрэсліў у каментары для Ватыканскага радыё арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут па агульных пытаннях Дзяржсакратарыяту Яго Святасці.

Па словах высокага ватыканскага іерарха, папскі акаунт у “Twitter” сёння з’яўляецца незаменным. Ён прызнаўся, што Францішак асабіста знаёміцца з паведамленнямі, якія на ім будуць публікавацца, і зацвярджае іх. 








All the contents on this site are copyrighted ©.