2017-12-13 12:24:00

Пантыфік: абараніць Амерыку ад ідэалагічнай каланізацыі


Абараніць народы Лацінскай Амерыкі ад ідэалагічнай каланізацыі, якая перакрэслівае самых слабых, заклікаў Пантыфік 12 снежня 2017 г. падчас св. Імшы ў інтэнцыі гэтага кантынента. Францішак цэлебраваў яе на іспанскай мове ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане, у свята Маці Божай Гвадэлупскай, апякункі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.

Да яго далучыліся шматлікія біскупы і святары, у тым ліку члены Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі. Ля алтара стаяла копія выявы Маці Божай Гвадэлупскай.

Сваю гамілію, якая прагучала па-іспанску, Папа сканцэнтраваў вакол дыялектыкі пладавітасці і бясплоддзя з евангельскага апавядання аб візіце Марыі да Альжбеты, бясплоддзе якой людзі лічылі Божым пакараннем за грэх, яе самой або яе мужа. Гэта абвінавачанне вядзе да стыгматызацыі і “паралічу ўсяго жыцця”. Таксама і св. Хуан Дыега, якому аб’явілася Маці Божая, сказаў ёй: “Я нічога не варты”. Альжбета перажыла ў сваім жыцці і ў целе выкананне Божага абяцання. Тое ж спазнаў святы індзеец.

“У гэтай дыялектыцы пладавітасці і бясплоддзя мы прызнаем багацце і культурную разнастайнасць народаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Яна з’яўляецца прыкметай вялікага багацця; і мы закліканы не толькі да яго захавання, асабліва ў наш час, але і адважнай абароны ад любога намеру “ўніфікацыі”, якая прывабнымі лозунгамі навязвае адзіны вобраз мыслення, быцця, адчування, жыцця, і якая загадвае лічыць бескарыснай або марнай любую спадчыну нашых продкаў; якая прыводзіць да адчування, асабліва ў выпадку нашых маладых людзей, што ты нічога не варты з-за прыналежнасці да той ці іншай культуры”, - сказаў Папа.

У малітве вернікаў прагучалі просьбы да Бога за ўсіх, хто пакутуе ў Лацінскай Амерыцы і ва ўсім свеце: бедных, хворых, асоб, якія пацярпелі ад вайны, мігрантаў, бежанцаў, людзей, якіх пераследуюць, каб былі прызнаныя іх добрыя якасці і яны былі ў стане пераадолець свае цяжкасці з дапамогай хрысціянаў. Таксама прагучала малітва за дзяржаўных лідэраў, каб яны кіраваліся духам служэння і імкнення да агульнага дабра, падтрымліваючы праўдзівыя каштоўнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.