2017-12-13 15:52:00

Рэформа ватыканскіх СМІ выйшла на апошні этап


Рымская курыя, як прылада евангелізацыі і служэння Пантыфіку і мясцовым Касцёлам – гэта была галоўная тэма чарговай сустрэчы Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, якая праходзіла 11-13 снежня 2017 г. у Ватыкане. Па традыцыі, Францішак прысутнічаў на ўсіх яе пасяджэннях, за выключэннем таго, што адбылося раніцай у сераду, у сувязі з яго ўдзелам у агульнай аўдыенцыяй, паведамілі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Падчас нарады гаворка ішла аб сітуацыі, якая тычыцца шэрагу Кангрэгацый: па справах Духавенства, Евангелізацыі Народаў, Каталіцкай Адукацыі, а таксама Папскай рады па культуры. Значная частка дыскусій была прысвечана разгляду справаздач, прадстаўленых кіраўніцтвам Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Сакратарыяту па камунікацыі і Секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. 

Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі, мансеньёр Дарыё Вігано, пазнаёміў Папу і яго бліжэйшых дарадчыкаў з апошнім этапам рэформы ватыканскіх СМІ. Была прадстаўлена структура дыкастэрыі і яе секцый, а таксама распрацаваны колькасны склад, які павінен будзе зацвердзіць Дзяржсакратарыят. Кс. Вігано зрабіў справаздачу са зробленай працы, у тым ліку адносна памяншэння колькасці персаналу і выдаткаў на ватыканскія СМІ. 

Прэфект распавёў пра новую працэдуру вытворчасці мультымедыйнай прадукцыі і новы партал, які ў бліжэйшы час будзе прадстаўлены ў бэта-версіі і стане першым відавочным і канкрэтным выразам рэформы. Было пацверджана, што ад 1 студзеня 2018 г. у структуру Сакратарыяту па камунікацыі ўвойдуць Ватыканскага тыпаграфія, газета “L’Osservatore Romano” і Ватыканская фотаслужба.

Рада кардыналаў заслухала таксама двух падсакратароў Секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кс. Майкла Чэрнага і кс. Фабіа Баджа, якія распавялі пра працэс арганізацыі гэтай Секцыі, кіраўніком якой з’яўляецца сам Пантыфік. Зараз у ёй працуе 21 асоба, улічваючы валанцёраў.

Кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, распавёў пра фарміраванне гэтай структуры, заснаванай 1 верасня 2016 г., а таксама пра яе моладзевыя праекты. У сваю чаргу кардынал Шон О’Мэлі падзяліўся звесткамі аб дзейнасці Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якую ўзначальвае.

Наступнае пасяджэнне кансультатыўнага органу пры Пантыфіку пройдзе ў Ватыкане 26-28 лютага 2018 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.