2017-12-14 13:20:00

Святы Айцец прыняў членаў фонда “Populorum progressio”


Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў рымскай канферэнцыі, арганізаванай ватыканскім фондам “Populorum progressio”. Сустрэча прайшла 14 снежня 2017 г. і была прымеркавана да 25-годдзя гэтай структуры, заснаванай св. Янам Паўлам ІІ для дапамогі сялянам і спрыяння аграрнай рэформе, сацыяльнай справядлівасці і міру ў краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Сітуацыя ў гэтым рэгіёне “патрабуе ўмацавання намаганняў для палепшэння жыццёвых умоў усіх людзей, не выключаючы нікога, праз барацьбу з несправядлівасцю і карупцыяй”, адзначыў папа Францішак 13 снежня 2017 г. у пасланні да ўдзельнікаў форума. Паводле Святога Айца, “нягледзячы на патэнцыял лацінаамерыканскіх краін, трываючы грамадска-эканамічны крызіс, абцяжараны язвай знешняга доўга, што запавольвае развіццё, закрануў усё насельніцтва і пашырыў беднасць, беспрацоўе і сацыяльную няроўнасць, адначасова спрыяючы росту эксплуатацыі і злоўжыванняў нашым супольным домам у маштабах, якія раней не магчыма было ўявіць”.

Пантыфік заўважыў, што ў Лацінскай Амерыцы і рэгіёне Карыбскага басейна фонд “Populorum progressio” рэалізаваў каля 4 400 праектаў, “накіраваных на паляпшэнне жыцця карэннага насельніцтва, метысаў і афраамерыканцаў”. Сучасны свет ставіць у цэнтр усяго ідала грошай, заўважыў Папа і выказаў спадзяванне, што агульнымі намаганнямі будзе магчыма ператварыць “тое, што было адрынута, у сапраўдны рэсурс не толькі на карысць асобных краін, але і ўсяго чалавецтва”. Святы Айцец заклікаў будаваць “усё больш справядлівы і гуманны свет, які будзе бачыць аблічча Хрыста ў кожным брату і сястры з найбольш маргіналізаваных народаў Лацінскай Амерыкі”.

Фонд “Populorum progressio” быў заснаваны ў 1992 г. у рамках Папскай рады “Сor Unum”. Сёння каардынацыяй яго дзейнасці займаецца Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, заснаваная Францішкам 31 жніўня 2016 г. Сваю назву гэта структура атрымала ад аднайменнай энцыклікі папы Паўла VI, апублікаванай у 1969 г., пасля падарожжа Пантыфіка ў краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Індыю, якая стала адным з важных стаўпоў сацыяльнага вучэння Касцёла. 








All the contents on this site are copyrighted ©.