2017-12-16 14:20:00

Папа назваў “камунікацыйныя грахі” журналістаў


Не паддаваца “камунікацыйным грахам”, да якіх адносіцца дэзінфармацыя,  паклёп і выцягванне на свет пераадоленых сітуацый з мінулага, з мэтай ачарнення людзей. Гэта цяжкія грахі, якія псуюць сэрца журналіста і яго чытачоў, адзначыў Святы Айцец 16 снежня 2017 г., падчас аўдыенцыі для членаў Італьянскага саюза перыядычнага друку (Unione Stampa Periodica Italiana) і Італьянскай федэрацыі каталіцкіх штотыднёвікаў (Federazione Italiana Settimanali Cattolici). 

“Вы маеце адно з самых важных у сучасным свеце заданняў, ці лепш сказаць місій: карэктна інфармаваць, несці ўсім найбольш адпаведную рэальнасці версію фактаў. Вы пакліканы рабіць зразумелай для шырокай публікі складаную праблемытыку, рэалізуючы функцыю пасярэднікаў паміж ведамі, якімі валодаюць спецыялісты, і канкрэтнай магчымасцю іх шырокага распаўсюджвання”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што “свабодны і адказны голас” журналістаў – фундаментальны для развіцця кожнага грамадства, якое хоча называць сябе дэмакратычным, каб “гарантаваць пастаянны абмен ідэямі і плённыя дэбаты, заснаваныя на рэальных і карэктна пераказаных дадзеных”.

Паводле Святога Айца, у наш час, калі пануе трывожная хуткасць, імкненне да сенсацыйнасці і пазбяганне дакладнасці і складанасцяў, “існуе патрэба ў надзейнай інфармацыі, з праверанымі дадзенымі і навінамі, мэта якой заключаецца не ў тым, каб здзіўляць і выклікаць эмоцыі, але спрыяць фарміраванню ў чытачоў здаровага крытычнага пачуцця, якое дазволіць ім задаваць сабе належныя пытані і рабіць абгрунтаваныя высновы”.

Папа заўважыў, што да падобных спакус менш схільны мясцовы і рэгіянальны друк, у тым ліку каталіцкі. Звяртаючыся да прадстаўнікоў каталіцкіх італьянскіх выданняў, Францішак падкрэсліў іх важнасць для евангелізацыі. “Працаваць у дыяцэзіяльным штотыднёвіку, значыць асаблівым чынам “адчуваць” мясцовы Касцёл, жыць у блізкасці да насельніцтва горада ці вёскі і, асабліва, бачыць падзеі ў святле Евангелля і вучэння Касцёла. Гэтыя элементы з’яўляюцца “компасам” для такога выключнага спосабу журналістыкі, расповеду навін і прадстаўлення меркаванняў”, - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў пра патрэбу ў спакойнай, дакладнай і ўсебаковай перадачы навін “міралюбівай мовай, каб спрыяць плённай рэфлексіі, а таксама ўзважанымі і яснымі словамі, якія не прымаюць сыходу да шматзначнага, надрыўнага і двухсэнсоўнага дыскурсу”. 

Францішак пажадаў, каб сярэдне- і малатыражныя выданні мелі магчымасць працягваць выконваць сваё незаменнае заданне ў імя сапраўднага плюралізму, даючы голас багаццю розных мясцовых супольнасцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.