2017-12-16 15:11:00

Ватыканская рэакцыя на справаздачу аўстралійскай камісіі


“Канчатковая справаздача аўстралійскай Каралеўскай камісіі па расследаванні сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх з’яўляецца вынікам рашучых намаганняў, здзейсненых на працягу апошніх гадоў, і заслугоўвае глыбокага вывучэння”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку, апублікаваным 16 снежня 2017 г., пасля абнародавання плёну пяцігадовай працы аўстралійскіх следчых.

Апостальская Сталіца запэўніла ў сваёй блізкасці да Касцёла ў Аўстраліі – свецкіх вернікаў, законнікаў і духавенства – у імкненні несці аздараўленне і справядлівасць перад абліччам злачынстваў.

“Падчас нядаўняй сустрэчы з Папскай камісіяй па абароне непаўналетніх Францішак пацвердзіў, што Касцёл пакліканы быць месцам спагады, асабліва для тых, хто спазнаў пакуты, і нагадаў, што Касцёл прыкладае намаганні, каб забяспечыць існаванне такога асяроддзя, дзе будзе гарантавацца абарона ўсіх дзяцей і ўразлівых дарослых”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Справаздача Каралеўская камісіі складаецца з 17 тамоў і налічвае тысячы старонак. Паводле змешчаных у ёй вынікаў, сексуальныя злачынствы ў адносінах да непаўналетніх здзяйсняліся ў больш чым 4 тыс. аўстралійскіх устаноў, сярод якіх значная колькасць каталіцкіх. Больш за 15 тыс. непаўналетніх распавялі пра тое, што сустракаліся са злоўжываннямі ў месцах, дзе пражывалі ці прымалі ўдзел у адукацыйнай, рыкрэацыйнай, спартыўнай, рэлігійнай ці культурнай дзейнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.