2017-12-16 11:55:00

Пантыфік да дзяцей: быць уважлівымі да тых, каго ігнаруюць


Падарыць крыху часу, усмешкі і цёплых жэстаў аднакласнікам і людзям, якіх ігнаруюць іншыя, заклікаў Францішак членаў італьянскага дзіцячага аддзялення руху “Каталіцкая акцыя”, якіх 16 снежня 2017 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 80 чалавек.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Пантыфік заклікаў іх углядацца ў асобу Езуса Хрыста і станавіцца ўсё больш падобнымі да Яго. “Гледзячы на жыццё і місію Езуса, мы разумеем, што Бог – ёсць Любоў. Таму будзьце добрымі “фатографамі” таго, што зрабіў Езус і рэчаіснасці, якая вас акружае”, - сказаў Папа. 

Францішак заўважыў, што існуе вялікая колькасць “забытых людзей”, якіх не хочуць заўважаць або лічаць праблемай. На самой справе, яны з’яўляюцца вобразам Дзіцятка Езуса, адкінутага і не прынятага ў Бэтлееме, “жывым целам пакутуючага і ўкрыжаванага Езуса”.

Папа заклікаў самых юных членаў “Каталіцкай акцыі” падумаць аб тым, каму яны ўдзяляюць больш увагі – магчыма, толькі мацнейшым і больш паспяховым у вучобе і гульнях? “Паспрабуйце навесці аб’ектыў на аднакласнікаў і людзей, якіх ніхто ніколі не жадае бачыць і будзьце мужнымі, каб зрабіць першы крок насустрач ім, падарыць ім крыху вашага часу, усмешкі, ласкавых жэстаў”, - заклікаў Пантыфік.

Дзіцячае крыло руху “Каталіцкая акцыя” ўзнікла ў 1969 г. У яго ўваходзяць дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў. Падчас сустрэч, якія адбываюцца штотыднёва пры парафіях, яны вучыцца жыць Евангеллем і сведчыць аб ім у сваіх асяродках.








All the contents on this site are copyrighted ©.