2017-12-17 11:04:00

Францішак адзначае 81-ы Дзень нараджэння


17 снежня 2017 г. Францішак адзначае сваё 81-годдзе. Адныя з першых віншаванняў яму склалі дзеці, якія атрымліваюць дапамогу ў ватыканскім перыятрычным Дыспансэры св. Марты. Папа сустрэўся з імі раніцай у Зале Паўла VI. У якасці падарунка дзеці падрыхтавалі для Пантыфіка танец, кароткае цыркавое прадстаўленне, віншавальныя спевы, а таксама вялікі торт і чатырохмятровую піцу, якую спажылі разам са Святым Айцом.

Дыспансэр св. Марты быў заснаваны на тэрыторыі Ватыкана ў 1922 г. па ініцыятыве Пія ХІ, які даручыў кіраванне гэтай структурай законніцам з кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля. Установа працуе ў блізкім супрацоўніцтве з ватыканскім Педыятрычным шпіталём Дзіцятка Езуса. Дзеці з бедных сем’яў, а таксама іх бацькі, могуць рэгулярна атрымліваць тут бесплатную медыцынскую дапамогу і прадукты харчавання.

Сёлета Францішак адзначае свой пяты Дзень нараджэння пасля абрання Папам. У мінулым годзе, з нагоды свайго 80-гадовага юбілею, ён запрасіў на святочнае снеданне ў сваю рэзідэнцыю некалькі бяздомных, а затым паразмаўляў па “Skype” з вязнямі турмы ў Падуі. Годам раней, святкуючы 79-годдзе, ён сустрэўся з прадстаўнікамі дзіцячага крыла руху “Каталіцкая акцыя”. З нагоды Дня нараджэння Папы ў 2014 г. сотні людзей танцавалі танга на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 17 снежня 2013 г. Пантыфік цэлебраваў Эўхарыстыю разам з групай бедных, з якімі потым паснедаў у Доме св. Марты.








All the contents on this site are copyrighted ©.