cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Пантыфік пра таямніцу бацькоўства св. Юзафа

Пантыфік пра таямніцу бацькоўства св. Юзафа

18/12/2017 13:06

Аб св. Юзафе, узоры бацькоўства і паслухмянасці Богу, разважаў Папа 18 снежня 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Мацвея (1,18-24), які распавядае пра складаны лёс апекуна Хрыста і яго адкрытасць да таямніцы Божых планаў. 

Езус павінен быў нарадзіцца ад Марыі, заручанай з Юзафам, які з’яўляўся нашчадкам Давіда. Але бацькоўства не належала да яго – Айцом быў Бог; яно заключалася ў выхаванні і прывядзенні Езуса да чалавечай сталасці, нагадаў Францішак.

Ён заклікаў вучыцца ў св. Юзафа, як ісці ў цемры, як чуць голас Бога і, як рухацца наперад у маўчанні. Пантыфік нагадаў пра яго сумневы, калі ўбачыў прыкметы мацярынства Марыі, пра яго пакуты ад плётак асяроддзя. Ён не разумеў, але ведаў, што Марыя была “жанчынай ад Бога”, і таму, не хочучы зняславіць Яе, пастанавіў патаемна адпусціць Яе, не абвінавачваючы публічна ў нявернасці. Толькі ўмяшальніцтва Бога праз анёла, які з’явіўся яму ў сне і сказаў, што дзіця, зачатае ў ёй, паходзіць “ад Духа Святога”, дапамагло яму паверыць і падпарадкавацца.

Францішак падкрэсліў унутраную барацьбу св. Юзафа, які, пачуўшы голас анёла, паслухаўся і ўзяў Марыю ў свой дом. Ён прыняў на сябе бацькоўства і таямніцу Божага плану. Характарызуючы гэта бацькоўства, Папа адзначыў, што яно зыходзіла ад Бога Айца і заключалася ў падтрымцы і абароне Марыі і Езуса, навучанні Яго прафесіі, суправаджэнні ў чалавечым развіцці. І Юзаф рабіў гэта ў маўчанні і дасканалай паслухмянасці.

Папа адзначыў, што святы апякун вучыў Езуса, што значыць быць айцом, быў як быццам ценем Бога Айца, быў чалавекам, які ахоўвае, вядзе да развіцця, развівае ўсе аспекты бацькоўства і таямніцы, не беручы нічога для сябе.


18/12/2017 13:06